Навуковец пракаментаваў гатунак бульбы, які вырошчвае Аляксандр Лукашэнка
03.09.2015 / 17:34
На выставе-кірмашы дасягненняў беларускай акадэмічнай навукі, дзе прадстаўлены таксама і лепшыя гатункі беларускай бульбы, карэспандэнт БелаПАН папрасіў вучонага-бульбавода распавесці пра гатунак бульбы «Каралева Ганна» германскай селекцыі. Аляксандр Лукашэнка, паводле яго ўласных словаў, вырошчвае гэты гатунак ў рэзідэнцыі «Дразды».
Вадзім Маханько, нам. ген. дырэктара па навуковай працы РУП «НПЦ НАН РБ па бульбаводству і плодаагародніцтву»: «Гэта гатунак замежнай селекцыі. Замежнай селекцыяй мы не займаемся. У нас свая селекцыя, сваё насенняводства. На сёння набор беларускіх гатункаў закрывае ўсе патрэбы рынку бульбы ў нашай краіне.
Я як спецыяліст, які прапрацаваў ужо 25 гадоў у бульбаводстве, не бачу нічога ўнікальнага ў гэтым гатунку. Ёсць больш ураджайныя гатункі, па смакавых якасцях ёсць лепшыя гатункі, з нашага пункту гледжання, гэта значыць тыя, якія вельмі добра разварваюцца.
Я не магу назваць нейкую асаблівасць гэтага гатунку, нейкую унікальную рысу я не магу назваць. Кожны з нашых гатункаў нічым не саступае ні аднаму з замежных. Гэта пацвярджаюць незалежныя выпрабаванні і ў Расійскай Федэрацыі, і ў Казахстане, і ў Грузіі».