Лукашэнка і Гуцэрыеў заклалі капсулу на месцы будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне
11.09.2015 / 18:54
Аляксандр Лукашэнка і старшыня савета дырэктараў ААТ «НК «Русснефть» Міхаіл Гуцэрыеў заклалі капсулу на месцы будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу, перадае БелТА.
Капсула закладзена ў памятны камень пры пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу на базе Старобінскага радовішча калійных соляў.
«Мы надаём асаблівае значэнне дынамічнаму развіццю калійнай галіны і імкнемся ўтрымліваць лідарскія пазіцыі ў свеце па вытворчасці угнаенняў, — гаворыцца ў запісе, які змяшчаецца ў капсуле. — Будаўніцтва новага комплексу з'яўляецца чарговым крокам у актыўным засваенні прыродных багаццяў роднай зямлі, стварэнні новых працоўных месцаў і павелічэнні экспартнага патэнцыялу краіны. Гэта важны інвестыцыйны праект, рэалізацыя якога паслужыць на карысць беларускага народа». Пажаданне будучым пакаленням — годна прадоўжыць пачатую справу, упэўнена ісці наперад і ўмацоўваць Айчыну стваральнымі справамі.
Рэалізацыя праекта па будаўніцтву Нежынскага горна-абагачальнага комплексу мае як рэгіянальнае, так і агульнадзяржаўнае значэнне, заявіў Лукашэнка на цырымоніі пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ЗТАА «Славкалій».
Лукашэнка даручыў цалкам перагледзець генеральны план развіцця Любанскага раёна з тым, каб да канца будаўніцтва ў Любанскім раёне Нежынскага горна-абагачальнага комплексу гэта быў самы сучасны рэгіён краіны.
На прадпрыемстве будуць створаны амаль 2000 працоўных месцаў і сацыяльная інфраструктура для камфортнага жыцця. Акрамя таго, у працэсе будаўніцтва комплексу прадугледжана магчымасць газіфікацыі 21 населенага пункта Любанскага раёна, і гэта плануецца зрабіць на працягу бліжэйшых двух-трох гадоў.
Будзе пабудавана чыгуначная станцыя і 37 км чыгункі, рэканструяваны Любанскі водазабор і ачышчальныя збудаванні.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім удзельнікам будаўніцтва рэалізаваць гэты праект ў тэрмін і пры гэтым зрабіць усё якасна.