Флот ЗША зноў будзе пракладаць курс па зорках
25.11.2015 / 12:54
Пасля больш чым 10-гадовага перапынку курсанты Вайскова-марской акадэміі ЗША зноў пачынаюць вывучаць старажытную навуку арыентацыі па зорным небе, паведаміў дзяржаўны сайт govexec.com.
Хакеры нічога не зробяць зоркам
Установа, якая рыхтуе афіцэраў для самага магутнага флоту ў свеце, адмяніла курс зорнай навігацыі ў канцы 1990-х, калі было вырашана, што яму не варта аддаваць навучальныя гадзіны ў часы спадарожнікаў і GPS.
Аднак, улічваючы магчымыя кібератакі, камандванне флота ЗША прыйшло да думкі, што часы секстантаў і зорных табліцаў не скончыліся. Навігацыя па зорках — куды больш цяжкая і менш дакладная, аднак можа паказаць месца карабля з дакладнасцю да 1,5 марскіх міляў (каля 2,4 км).
Гэта можа ўратаваць тысячы жыццяў у момант, калі сучасныя тэхналогіі перастануць працаваць.