Расіянцы Марыі Рымар прад’яўлена абвінавачанне за словы пра тратыл
15.07.2016 / 12:41
Затрыманай у аэрапорце Мінска грамадзянцы Расіі Марыі Рымар прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 340 (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы).
Пра гэта паведаміла 15 ліпеня афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.
«Пасля прад’яўлення абвінавачвання следства 13 ліпеня хадайнічала перад мінскім транспартным пракурорам аб змене ёй меры стрымання на заклад. Здаволіць хадайніцтва пракуратура адмовіла», — паведаміла Юлія Ганчарова ў фэйсбуку.
Прычыны, па якіх транспартная пракуратура адмовіла ў здавальненні хадайніцтва, Ганчарова не патлумачыла.
Прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Пётр Кісялёў сказаў, што «гэта рашэнне пракурора і ён яго можа не тлумачыць».
Марыя Рымар знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Яе затрымалі 7 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» падчас рэгістрацыі на рэйс Мінск — Масква. Паводле адваката, ёй не спадабаўся асабісты надгляд, і ў спрэчцы з супрацоўнікамі аэрапорта яна пажартавала, што ў яе сумцы тратыл. На гэтай падставе актывістку затрымалі, абвінавацілі ў «заведама ілжывым паведамленні пра небяспеку» і распачалі супраць яе крымінальную справу.