Уладзіслаў Ганчароў: пяць фактаў пра алімпійскага чэмпіёна і яго чароўную дзяўчыну

14.08.2016 / 14:28

Другім беларускім медалістам у Рыа-2016 стаў батутыст Уладзіслаў Ганчароў. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра алімпійскага чэмпіёна.

Малады чэмпіён

Беларускаму спартсмену 20 гадоў, ён нарадзіўся ў Віцебску. Цікава, што першай прызёрцы Рыа-2016, цяжкаатлетцы Дар’і Навумавай, яго аднагодка.

На чэмпіянаце свету 2014 года Уладзіслаў быў бронзавым прызёрам, а ў 2015 годзе — срэбраным.

Былі медалі і ў сінхронных скачках, і ў камандным заліку. Шкада толькі, што ў скачках на батуце няма спаборніцтваў у міксце (гэта калі ў пары выступаюць мужчына і жанчына). Бо тады б у Ганчарова дакладна атрымалася чэмпіёнства, таму што…

Дзяўчына — калега па зборнай

…Вось ужо пяць гадоў каханне Уладзіслава — Ганна Гарчонак. Іх рамантычную гісторыю можна лічыць службовым раманам, бо дзяўчына таксама займаецца скачкамі на батуце. Прапанова сустракацца прыйшла Ганне па электроннай пошце.

У Рыа-2016 24-гадовая спартсменка таксама прабілася ў фінал, заняўшы шостае месца ў кваліфікацыі! Але ў вырашальны момант падчас прызямлення вылецела на мат і засталася без узнагародаў.

Узнагародзе любімага чалавека яна парадуецца ледзь не мацней, чым сваёй. «Мужчына павінен быць наперадзе ў любым разе. Рана ці позна давядзецца сысці ў цень, усё ж жанчына — гэта перадусім сям’я», — кажа дзяўчына.

Няўдалы гімнаст

«У шэсць гадоў бацькі аддалі мяне ў спартыўную гімнастыку, дзе літаральна праз тры месяцы мне вынеслі прысуд — бесперспектыўны. Накшталт не хапала гнуткасці і расцяжкі. Але я шпаркім быў, і мяне вырашылі паспрабаваць у скачках на батуце. Так я трапіў да трэнера-пачаткоўца Віцебскай СДЮШАР №2 Вольгі Уласавай. А якому дзіцяці не спадабаецца скакаць на батуце? Гэта адрэналін, пачуццё палёту — класна! Не вельмі падабалася, праўда, патрабавальнасць трэнера, якая прымушала выконваць канкрэтныя заданні. Прызнаюся, часам хацелася кінуць спорт. Таму што пасля цяжкіх трэніровак прыходзіў дамоў ледзь жывы і нічога больш рабіць не хацеў. У такія хвіліны не раз лавіў сябе на думцы: і навошта мне гэта трэба? Але адпачнеш — і назаўтра зноў спяшаешся ў залу», — расказваў у інтэрв’ю Уладзіслаў.

Прагматычны рамантык

«Улад — чалавек больш прагматычны, тым больш мы практычна ўвесь час разам — дома, на трэніроўках, на зборах. Атрымліваецца, у нас усё жыццё — суцэльнае спатканне. Але ён ведае, чым мяне парадаваць. Кіндэр-сюрпрызы — мая даўняя слабасць. О, гэта пачуццё нечаканасці! І вось Улад перыядычна прэзентуе мне іх у велізарных колькасцях. У мяне такая вялікая калекцыя!» — расказвае Ганна Гарчонак.

Марыць стаць касманаўтам

Дзякуючы спартыўнай кар’еры, Уладзіслаў шмат падарожнічае. У Італіі яго ўразіла архітэктура, у Швейцарыі — прырода, а ў Кітаі — абслугоўванне і культура.

Адказваючы ў інтэрв’ю на пытанне пра сваю мару, хлопец расказаў адразу некалькі ідэй. Уладзіславу хочацца самастойна кіраваць самалётам і скокнуць з парашутам. Але больш за ўсё — стаць касманаўтам.

У фінале Алімпіяды Ганчароў заняў першае месца, атрымаўшы 61,745 бала. Ён абышоў канкурэнтаў з Кітая, Японіі і Расіі.

На цырымоніі ўзнагароджвання Ганчароў, такое ўражанне, хваляваўся мацней, чым падчас выступу.

І ён прачула спяваў беларускі гімн, стоячы на п'едэстале.

А пасля пакаштаваў медаль на зуб. Якое яно — золата ).

Браніслаў Юрэвіч