Вядомыя беларускія музыкі штурмуюць украінскі «Х-фактар»
Новы сезон украінскай версіі міжнароднага спеўнага конкурса «Х-фактар» актыўна штурмуюць вядомыя беларускія музыкі.
27.09.2016 / 12:04
Ацэнку вакальным здольнасцям удзельнікаў гэтым разам дае цалкам абноўлены склад журы. У чацвёрку суддзяў уваходзяць прадзюсар Канстанцін Меладзэ, шоўмен Андрэй Данілка (Верка Сярдзючка), экс-лідар Quest Pistols Антон Саўлепаў і вакалістка папулярнага ва Украіне гурту The Hardkiss Юлія Саніна.
З пачатку новага сезона ў папулярным тэлешоў ужо паспелі ўзяць удзёл чацвёра небезвядомых беларускіх музыкаў.
Павел Аракелян («Крамбамбуля»)
У прадмове ані слоўца пра ўдзел саксафаніста ў новай «партызанскай» «Крамбамбулі» і досведзе працы вядоўцам тэлешоў («Фітнес-Шмітнес» на «Белсаце»). Усё досыць «сціпла» — «фітнэс-інструктар з Мінска» пад уласны акампанемент на клавішах зацягвае з фірмовай хрыпцой «бу-бу-буй, бу-буй, бу-буй…».
«Дзядзя Ваня» (Іван Вабішчэвіч)
Больш вядомы як тэлевядоўца Іван Вабішчэвіч працягвае гастраляваць па рознага кшталту спеўных конкурсах. Дагэтуль былі «Новая хваля» ў Юрмале, украінская і расійская версіі шоў «Голас». Гэтым разам «Дядя Ваня» ў скураным кілце «зрабіў шчаслівымі» ўкраінскіх гледачоў і суддзяў дзякуючы аўтарскай песні.
Берта (Наталля Берташ)
Журналістка і спявачка Берта зрабіла стаўку на «Капітал» «Ляпіса Трубяцкога», які выканала ў арыгінальнай лаўнж-версіі. Меркаванне журы падзялілася.
Уладзімір Казлоў (Re1ikt)
«Электрык з 10-гадовым стажам з Мінска», вакаліст уганараванага не адной рок-прэміяй гурта Re1ikt Уладзімір Казлоў нечакана пераспяваў Робі Уільямса «Feel». Суддзі былі пачалі крытыкаваць мінчука за «залішнюю інтэлігентнасць і выхаванасць», бо да рэшты прыдзерціся не далі рады.
Цяпер усіх беларускіх удзельнікаў чакаюць выпрабаванні трэніровачнага лагера.