Макей: Беларускую гісторыю прысвойваюць сабе многія іншыя дзяржавы
20.01.2017 / 14:07
Беларускую гісторыю прысвойваюць сабе многія іншыя дзяржавы, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 20 студзеня з журналістамі пасля цырымоніі адкрыцця ў цэнтры Мінска мемарыяльнай дошкі на месцы размяшчэння ў 1919 годзе Камісарыята па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, піша БелаПАН.
Фота Змітра Лукашука
«Напрыклад, я лічу, што абсалютна няправільна, калі Ігната Дамейку ў Чылі і Тадэвуша Касцюшку ў ЗША ўспрымаюць як прадстаўнікоў іншай дзяржавы, — сказаў Макей. — Таму мы проста абавязаныя зрабіць так, каб беларуская гісторыя была напісаная аб'ектыўна, каб бачылі, што карані беларускай дзяржавы сягаюць далёка ў мінулае і што нам ёсць чым ганарыцца».
Паводле яго слоў, у Міністэрства замежных спраў ёсць дамоўленасць аб сустрэчы найбліжэйшым часам з кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук. «Мы будзем казаць не толькі пра пытанні эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння, але і пра пытанні ўзаемадзеяння па гістарычнай тэматыцы. Лічу, што мы павінны зрабіць так, каб гісторыя наша была аб'ектыўная, каб наш народ бачыў, што мы з'яўляемся дзяржавай з вялікімі даўнімі традыцыямі».