Прэс-сакратарка Лукашэнкі Эйсмант стане начальніцай Ананіч і Давыдзькі?
14.02.2017 / 15:52
13 лютага кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №40 «Аб аптымізацыі Адміністрацыі прэзідэнта». Яго тэкст пакуль яшчэ не апублікаваны на сайце pravo.by. Пэўную інфармацыю надрукавала дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Наталля Эйсмант (у цэнтры). Фота sputnik.by.
Сярод іншага, малазаўважным застаўся такі момант: «Новым Палажэннем аб прэс-сакратары прэзідэнта Беларусі прадугледжваецца значнае пашырэнне функцый і паўнамоцтваў прэс-сакратара, у тым ліку па каардынацыі дзейнасці найважнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі».
Атрымліваецца, што ад 1 мая прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант-Кірсанава займее новыя абавязкі. У чым яны будуць заключацца? Пра гэта мы пацікавіліся ў былога кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, медыяэксперта з Санкт-Пецярбурга Аляксандра Зімоўскага.
«Было старое палажэнне аб прэс-сакратары ад 2001 года, яго рабілі для Наталлі Пяткевіч. Калі скарачалі намеснікаў у Адміністрацыі прэзідэнта, то паўнамоцтвы пераразмеркавалі. І паўнамоцтвы таго намесніка, які курыраваў СМІ, уключылі ў абноўленае палажэнне аб прэс-сакратары. Увогуле, звычайны бюракратычны манеўр», — упэўнены Зімоўскі.
21 снежня Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне скараціць намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Бузоўскага, ён адказваў за пытанні ідэалогіі і сацыяльнай сферы. Абавязкі гэтага намесніка прапаноўвалася падзяліць паміж першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Максімам Рыжанковым і Наталляй Эйсмант.
Як бачым, за СМІ цяпер акурат будзе адказваць прэс-сакратарка кіраўніка краіны. Як гэта адаб’ецца ў рэальнасці?
«Схема такая: Лілія Станіславаўна Ананіч, кіраўнікі тэлеканалаў, БелТА і «Советская Белоруссія» будуць ездзіць на нарады да Эйсмант, і яна будзе раздаваць ім указанні», — тлумачыць Зімоўскі.
Наталля Эйсмант была прызначаная на сваю пасаду ў лістападзе 2014 года. Ёй 32 гады. Да гэтага працавала вядучай на «Беларусь-1».