Пяць пытанняў і адказаў пра канфлікт вакол забудовы ў Зялёным Лузе каля Курапат
удакладнена
20.02.2017 / 18:24
Што ўвогуле адбываецца?
На лапіку зямлі паміж вуліцай Мірашнічэнкі і МКАД кампанія «Белрэканструкцыя» пачынае будаўніцтва пяціпавярховага офіснага будынка. Мясцовыя жыхары і салідарныя з імі «маладафронтаўцы» спрабуюць спыніць будоўлю.
Хто дазволіў будаўніцтва?
Участак плошчай 0,32 га кампанія «КІПрэканструкцыя» ўзяла ў арэнду яшчэ ў 2013 годзе, выйграўшы гэта права на аўкцыёне. Дарэчы, плаціць арандатар зусім нямнога — каля 600 рублёў на месяц.
Калі кампанія сабралася пачынаць будаўніцтва, раённыя ўлады арганізавалі грамадскія слуханні, супольныя для жыхароў Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска. Людзі выступалі супраць любога новага будаўніцтва — забракавалі і паркінгі, і кафэ, і нават паліклініку. Аднак ці то не звярнулі ўвагу на планаваны бізнэс-цэнтр, ці то прапановы не трапілі ў пратакол.
У Адміністрацыі Савецкага раёна тлумачаць, што ўсе неабходныя дакументы ёсць — рашэнне Мінгарвыканкама, заключэнне дзяржаўнай экспертызы, а таксама дазвол Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Мінску.
У чым прэтэнзіі мясцовых жыхароў?
Жыхары дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі ў прынцыпе не хочуць ніякага будаўніцтва пад сваімі вокнамі. Яны мяркуюць, што бізнэс-цэнтр створыць праблемы з паркоўкамі (у праекце запланавана толькі 40 машынамесцаў). Таксама іх абурае высечка дрэваў.
Ды і ўчастак быў аддадзены ў арэнду яшчэ ў 2013 годзе, задоўга да грамадскага абмеркавання. Дэталёвы план пасля абмеркавання ў 2016 годзе адправілі на дапрацоўку, а будаўніцтва пачалі, не чакаючы зацвярджэння гэтага плана.
Чаму тэма зацікавала грамадскасць?
Рэзанансу тэме дадала блізкасць да Курапатаў. Асноўная частка магілаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій знаходзіцца на адваротным баку МКАД.
У інтэрнэце была апублікаваная карта, на якой відаць, што лапік, выдзелены пад будаўніцтва бізнэс-цэнтра, знаходзіўся ўнутры ахоўнай зоны, хоць і на самым краі.
Карта ахоўнай зоны паводле пастановы Міністэрства культуры. Старая карта.
У ахоўнай зоне будаваць нічога нельга, вакол яе мусіць быць «зона рэгулявання будаўніцтва», дзе існуюць абмежаванні.
Аднак, як выявілася, два гады таму межы ахоўнай зоны былі змененыя.Яны зацверджаныя пастановай Міністэрства культуры №70 ад 1 снежня 2014 года.
Глядзі карту:
Застаецца пытанне, як кампанія «КІПрэканструкцыя» магла ў 2013 годзе ўзяць у арэнду зямлю ў ахоўнай зоне Курапатаў.
Ці могуць падчас будоўлі знайсці парэшткі ахвяраў Курапат?
У кожнага з бакоў канфлікту свая праўда.
У лесе, побач з якім вядзецца будаўніцтва, пахаванні ёсць. Прычым падчас расстрэлаў там было поле, такое самае як і на месцы цяперашняга будаўніцтва. Таму абаронцы Курапатаў не выключаюць, што экскаватары дастануць з-пад зямлі косткі.
Забудоўшчык пераконвае, што імавернасць гэтага нулявая. Маўляў, на гэтым лапіку зямлі пракладзеная безліч вадаправодных і электракабеляў. Пры іх пракладцы ніякіх парэштак не знаходзілі.