Шуневіч пра форму НКВД: «Я ганаруся, што яна ў мяне ёсць»
25.02.2017 / 10:39
Міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч напярэдадні 100-годдзя беларускай міліцыі даў вялікае інтэрв’ю для газеты «Советская Белоруссія». Адзін з эпізодаў тычыўся ягонага выхаду на парад 3 Ліпеня ў форме супрацоўніка НКВД.
— Не ўсе палічылі правільным ваша з'яўленне на парадзе ў Дзень Незалежнасці ў форме супрацоўніка НКВД. Надзелі б вы яе яшчэ раз, улічваючы гэтую неадназначную рэакцыю?
— Што значыць - яшчэ раз? Я надзяваю яе кожны год 9 Мая. А мая жонка - агульнавайсковую форму часоў Вялікай Айчыннай. У гаражы МУС ёсць сапраўдны музейны экспанат - адноўлены аўтамабіль 1947 года выпуску. Пасля параду мы з жонкай сядаем у гэты «Віліс» і едзем па Мінску, аддаючы даніну павагі ўсім супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія ваявалі, гінулі ці былі знявечаныя вайной. У гэтай форме яны працавалі ў цяжкі пасляваенны час, змагаліся з ўзброенымі бандамі, абаранялі людзей ад крымінальнікаў і нацысцкіх недабіткаў. Таму я ганаруся тым, што ў мяне ёсць абсалютна дакладная копія гэтай формы.
— У дробных дэталях?
— Яна пашытая па сапраўдных старых лякалах. Нават гузікі адлітыя на тым жа манетным двары, дзе іх рабілі ў тыя гады. Больш за тое, у мяне ёсць і поўны камплект экіпіроўкі — пачынаючы ад афіцэрскага планшэта і заканчваючы компасам часоў вайны. Толькі боты - новадзел, затое з сапраўднай юхтовай скуры. Пры гэтым я не захапляюся ваеннай рэканструкцыяй, форму для сябе сшыў па ўнутраным імпульсе, за ўласны кошт. І якраз дзеля таго, пра што ўжо сказаў, - паказаць, што памяць пра людзей, якія калісьці насілі гэта абмундзіраванне, жывая і ўшанаваная па гэты дзень.
— Жонка ахвотна падзяляе такую сямейную традыцыю сустрэчы Дня Перамогі?
— Яна жонка афіцэра. Іншыя каментары залішнія.