Як у палескай вёсцы жыве самая маладая ў Беларусі мама шасцярых дзяцей
Першыя цыганы з'явіліся ў Бельску каля дзесяці гадоў таму. Тагачасны старшыня, прыгадваюць мясцовыя жыхары, шукаў добрага пастуха і знайшоў яго сярод цыганоў. Дапамог сям'і з хатай. Следам за першымі на хлебнае па тагачасных мерках месца сталі сцякацца сваякі…
12.04.2017 / 08:44
«Тры кланы: праваслаўныя, баптысты і цыганы»
У Бельску захаваліся стогадовыя хаты — без каменных падмуркаў, з падсыпанымі пяском прызбамі і маленькімі вокнамі. Найчасцей такія хаты выкарыстоўваюцца як дачы, частку пакуплялі цыганы.
Сёння з 255 хатніх гаспадарак Бельска, многія з якіх выкарыстоўваюцца толькі ў якасці лецішчаў, 5 належаць гэтай этнічнай меншасці. Каля цыганскіх хат звычайна навязаныя вялікія калматыя сабакі, часам па некалькі штук. Можна зразумець: цыганы — пастухі, а сабака ў гэтай справе першы памочнік.
«У нас тут жывуць тры кланы: праваслаўныя, баптысты і цыганы. Камуністы яшчэ былі, ды змерлі ўсе», — уводзіць у курс справы купец у бельскай краме.
У Кобрынскім раёне сёння дзень здароўя, паўсюдна забаранілі прадаваць алкаголь. Аднак
у Бельску свае правілы: ад раніцы гаспадарлівыя людзі затарваюцца «беленькай», каб у поўным узбраенні сустрэць вечар пятніцы. Што яшчэ цікава: у крамах над прылаўкамі вісяць праваслаўныя іконы і календары.
Тут поўдзень. Вока, звыклае да суровых паўночнабеларускіх пейзажаў, увесь час чапляецца за зялёныя шары амялы, што, нібы гіганцкія елачныя цацкі, весела паабсаджвалі старыя дрэвы. «Воно такэ мае білі ягоды. Птыця іх доўбэ, а потым на гуляку гадыть — і воно новэ собі ростэ», — тлумачаць нам эксперты каля бельскай крамы.
Даведаўшыся, што мы прыехалі ў госці да цыганоў, прадавачка клапатліва раіць набыць дзецям халвічных цукерак: «Гэта іх любімыя». Заадно заклікае не баяцца: «Яны ў нас мірныя. Толькі рабіць не хочуць. Нават цыганскі барон з баранэсай жывуць у галечы і разрусе. І калі хтосьці дагэтуль успрымае іх як рамантыкаў, якія імкнуцца жыць у гармоніі з прыродай, спяшаюся засмуціць. Была б магчымасць, усе цыганы даўно пераехалі б у горад, толькі дорага там для іх».
За чаем у бельскага цыганскага барона. Дома ўвесь час кураць.
Статус барона звычайна перадаецца ў спадчыну. Але тут цыганы дэмакратычна абралі важака самастойна, аддаўшы рашэнне сваіх праблем найбольш мудраму і пісьменнаму.
Кватэры замест прыроды, «Жыгулі» замест коняў
У Бельску ціха. Гэты дзэн парушаюць толькі рэдкія, адзінокія машыны, раварысты ды арыі пеўняў, што праспалі світанак. Людзі рыхтуюцца да хуткай пасадкі бульбы, пра што сведчаць пераараныя палеткі і аб'ява на дошцы ў цэнтры: «Жыхары ААТ «Навасёлкаўскі», тэрмінова падайце заяўку на ўдзел у цэнтралізаванай пасадцы бульбы!».
Дом Юзапчукоў.
Дом Юзапчукоў здалёку відаць дзякуючы каляровым дыванам, якія сушацца на сонцы. Побач прыпаркаваныя старэнькія «Жыгулі», якія сучасным цыганам замяняюць каня. Пабудова — практычна векавая, з нізкімі ўваходамі, без каменнага падмурка і з дзіравымі вокнамі. Кажуць, што выкупілі гэты ўчастак за $300.
Гаспадар дома Раджык складае з дзецьмі дровы на двары. Пабачыўшы нас, заганяе малых у хату. Пачуўшы, што мы хацелі б напісаць пра іх сям'ю, ён адмоўна махае галавой: «Якія панты мне тут, каб вы нешта расказвалі? Прыязджалі ўжо такія да маёй цёткі неяк, а потым усе ў інтэрнэце пачыталі, што цыганы дрэнныя, што дамы ў іх дрэнныя і ўсё ўвогуле дрэнна».
Ён гаворыць на сумесі расейскай, украінскай і цыганскай, блытана і эмацыйна. Дзяцей, якія зацікаўлена высоўваюць насы з дому, адразу ж заганяе назад. Прапанаваныя халвічныя цукеркі трохі растопліваюць бацькава сэрца. Праз нейкі час, пашкадаваўшы тых, хто спецыяльна ехаў сюды 300 кіламетраў, ён трохі расслабляецца і нават пачынае сёе-тое пра сябе распавядаць.
Раджык тлумачыць, што жонкі дома няма, маўляў, паехала ў горад вырашаць пытанні з дакументамі. Без яе дазволу пусціць да дзяцей чужых ён не можа: «У нас выразны падзел абавязкаў. Яна за малых адказвае, я — за гаспадарку». Праўда, апошняе слова ў цыганскіх сем’ях усё роўна за мужчынам.
Раджык і Вікторыя. Ён старэйшы за жонку на тры гады.
Абое нарадзіліся ў Камянцы, але амаль ніколі не знаходзіліся ў адным месцы працяглы час. Сем'і вандравалі па Беларусі: дзе ёсць праца, там і прычальвалі. Калі Віцы было 14 гадоў, зноў сустрэліся ў Пінску і вырашылі не расставацца. Раджык называе іх гісторыю прыгожым словам каханне. У гэтае паняцце для яго спакойна ўпісваецца тое, што, як сведчыць даведка з сельсавета, старэйшыя дзеці маюць іншае імя па бацьку і лічацца яму пасынкамі. Першы з іх з’явіўся на свет літаральна праз год пасля вяселля.
«Галоўнае, каб у жаніха грошы былі, тады можна нявесту выбіраць. Мы склікалі родных, вечарыну зладзілі — вяселлі ў нас зараз вельмі да вашых падобныя», — распавядае галава сямейства. Грошы ў родзе, паводле яго слоў, часцей за ўсё зарабляюцца пастушым рамяством. Пакуль калгас на гэтых землях квітнеў і такой працы хапала, цыганы сюды і з'язджаліся. Дзеці перасяленцаў жывуць крыху ў процілеглай рэальнасці: працу ў вёсцы знайсці складана, тым больш калі ты цыган.
Віка і яе дзеці: Ігар, Вадзім, Давід, Хрысціна, Вікторыя і Анжаліка
«Начальнікі да нас вельмі дрэнна ставяцца: толькі сваіх уладкоўваюць, а нас за людзей не лічаць. А чым мы горш? Быў адзін цыган, напіўся і паводзіў сябе дрэнна, дык не ўсе ж мы такія!» — разважае Раджык.
Тым часам паглядзець на журналістаў прыязджае «барон». Мікалаю трохі за 40, ён родам з Украіны. Да дома Юзапчукоў падрульвае на ўсё такіх жа «Жыгулях» у суправаджэнні маладзейшага цыгана ў скуранцы і цыганкі. Гаворыць Мікалай гладка, акцэнты расстаўляе лагічна. Яму б быць палітыкам, а не кароў пасвіць. «Хай здымаюць! — спыняе ён суседку, якая спрабуе пагнаць нашага фатографа ад хаты Юзапчукоў. — Хай пакажуць, як жывуць шматдзетныя сем'і — хата ледзь стаіць, дрэва вунь якое: як вецер, можа і абваліцца на дом».
Мікалай расказвае, што цыганоў, як і ўсю краіну, турбуе дэкрэт №3: «Прыязджалі, перапісвалі нас… А з чаго падатак плаціць, калі работы няма? Мы былі пад Мінскам, каля Трасцянца, дык там людзі ў сметніках корпаюцца. Не цыганы, а вашы, беларусы». Ён расказвае, як усё лета пасвіў статак у 400 галоў на Віцебшчыне, а грошай так і не атрымаў: «Раз ты цыган — што ты дакажаш».
«Быццам бы грамадзяне Беларусі, але народ своеасаблівы»
Свая праўда на гэтыя скаргі ў старшыні Навасёлкаўскага сельсавета Валянціна Скакуна, да якога мы накіроўваемся, пакуль галоўная гераіня не вярнулася дадому: «Цыганы — быццам бы грамадзяне Беларусі, але народ своеасаблівы. Да працы ставяцца безадказна, хочуць сабе заробак вышэй за сярэдні. Дык як гэта, беларус будзе атрымліваць 200 рублёў, а цыганам, таму што яны іншыя, трэба больш плаціць? Таксама яны вельмі «заўтракамі» карміць любяць, таму наймаць іх — сабе даражэй».
З асцярожнасцю да цыганскай працоўнай сілы ставяцца многія працадаўцы. Так што за грашыма даводзіцца выбірацца ў іншыя населеныя пункты: пасвіць кароў у Віцебскай вобласці ў сезон, жабраваць у суседніх вёсках. На месцы можна яшчэ за капейкі дапамагчы суседзям насекчы дроў або раскідаць гной.
Але, мабыць, больш за ўсё цыганоў тут не любіць участковы Вадзім Рачко, называючы іх «распаўсюднікамі педыкулёзу і злачынстваў». А вось настаўнікі мясцовай беларускай школы — хваляць. У школе-дзевяцігодцы цяпер 39 вучняў. Сын Вікі і Раджыка Ігар пайшоў у першы клас і добра вучыцца. А дачка іх дзядзькі Аксана хутка скончыць дзявяты і, можа, пойдзе вучыцца на кухара.
Школа, хоць і малакамплектная, закрывацца не збіраецца, кажа настаўніца малодшых класаў: «У Бельску дзяцей многа падрастае: у Вікторыі шэсць, у яе суседкі пяць, вунь там чатыры — гэта ўсё ў цыганоў. Але і беларусы тут маюць па трое дзяцей звычайна».
Дзеці — гэта шчасце, але пакуль хопіць?
Набліжаецца час прыезду Вікторыі. Пра тое, што мы яе чакаем, муж паведамляе ёй загадзя па мабільніку. І просіць забраць машынай з Навасёлак, бо штосьці не так з кобрынскім аўтобусам. На пыльнай узбочыне нас чакаюць Вікторыя з швагеркай Ліляй. У іх на руках чацвёра дзяцей, у тым ліку немаўля, і пара вялікіх сумак з вопраткай. Усе ладкуюцца на задняе сядзенне і супакойваюць нас: «Мы заховаемось». Дый якое там можа быць ДАІ.
Віка ўсміхаецца нам, асабліва калі расказваем, як настаўнікі хваляць яе першакласніка Ігара. Але, не паспеўшы ступіць на свой двор, напускаецца на Раджыка: «Шо цэ такеэээ?!». У значэнні «чаго пусціў чужых», як мы разумеем. Ведаючы пра закрытасць цыганскай дыяспары, мы не выключалі, што не зможам пагаварыць з галоўнай гераіняй, аднак усё яшчэ не губляем надзеі. Пад націскам агульных угаворванняў Вікторыя ўсё ж запрашае ў дом.
Унутры — усяго два пакойчыкі: кухня з печкай і газавай плітой ды вялікая гасцёўня, якая адначасова служыць і спальняй, і дзіцячай, і кабінетам. Абадраныя шпалеры, прадзіраўленыя канапы і гара падушак з коўдрамі, каб уначы слацца на падлозе… На гэтым фоне сапраўднай раскошай выглядае тэлевізар і, хоць старэнькі, але камп'ютар: дзеці грызуць сасіскі і глядзяць мульцікі.
Тэлевізар і камп'ютар для іх — галоўныя каналы сувязі з вялікім светам: ні Віка, ні Раджык нармальна не ўмеюць чытаць і пісаць, але з навін ведаюць, што ў эканоміцы ўсё дрэнна і хто ў гэтым вінаваты. Інтэрнэт жа пастаянна выкарыстоўваюць, каб запампаваць на мабільны тэлефон цыганскія песні: пад іх малыя і танцуюць, і засынаюць. За межамі Беларусі нікому з Юзапчукоў бываць не давялося.
Як распавядае шматдзетная мама, яе шэсць «крывінак» практычна не плачуць і не хварэюць. «Пра цыганоў кажуць, што мы дрэнна жывём. Але ж у кожнай сям'і ёсць нейкія праблемы, хіба не так? Мы б хацелі сабе нармальны вялікі дом, марым пра ўласную кватэру ў Кобрыне, ды не даюць. Дзяржава не дапамагае шматдзетным сем'ям на справе, толькі на словах», — абураецца Віка. Запэўнівае, што з задавальненнем пайшла б працаваць, напрыклад, даяркай, як толькі дзеці падрастуць. Толькі баіцца, што, як і мужа, не возьмуць.
Усе рэчы сям'і змяшчаюцца ў адсек канапы, дзе яны шукаюць нешта «больш прыстойнае» перад фотасесіяй, на якую мы іх таксама папярэдне вельмі доўга ўгаворваем. За акном трывожна брэша гаспадарская аўчарка: цяпер яна агрэсіўнейшая, чым звычайна, бо ашчанілася.
«Аборты мы не прымаем з рэлігійных меркаванняў [усе дзеці Юзапчукоў ахрышчаныя ў бельскай праваслаўнай царкве — НН]. Увогуле, у нас лічыцца, што дзіця — гэта шчасце і надзея на лепшую будучыню. Адно дзіця — гэта маленькае шчасце, а шмат — вялікае. Я сама расла ў сям'і з адзінаццаццю братамі і сёстрамі, таму была падрыхтаваная», — дзеліцца Вікторыя і дадае, што хацела б, каб усе дзеці атрымалі адукацыю і выбіліся ў людзі.
На іншыя пытанні пра жыццё яна зноў і зноў адказвае сустрэчным: «Навошта вам усё гэта?».
Калі мы ўжо збіраемся з'язджаць, Вікторыя прызнаецца, што цяжарыць у бліжэйшы час не плануе. Як бы там ні было, штогадовыя роды не найлепшым чынам адбіліся на яе арганізме. Так што адна з самых маладых шматдзетных маці Беларусі ўзяла адпачынак.