Сямён Домаш уладкаваўся кіраўніком на завод ABC
26.05.2017 / 09:05
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2001 годзе Сямён Домаш працуе адным з кіраўнікоў гродзенскага прадпрыемства ABC, што займаецца вытворчасцю прадуктаў харчавання.
Сямён Домаш і Уладзімір Ганчарык
Некалькі гадоў Домаш быў дырэктарам Гродзенскага вытворчага гарбарнага аб'яднання, але ў 2014 г. пакінуў пасаду. Нейкі час адмаўляўся казаць пра новую працу, выказвалася меркаванне, што нават выйшаў на пенсію.
Цяпер спадар Домаш гаворыць, што сёння сваім жыццём цалкам задаволены. Але пра палітыку па-ранейшаму казаць не хоча.
«Не хачу нават узгадваць, - сказаў палітык у інтэрв'ю «Народнай волі». — У палітыку вяртацца не планую. Калі сышоў, то трэба сыходзіць. Працую па 12 гадзін у суткі. А часам і больш. Дзякуй Богу, здароўе ёсць. Сям'я — добрая. А што яшчэ трэба ў жыцці»…