МЗС Беларусі: Непрымальна, што ЗША лічаць нас пагрозай сваёй бяспецы
14.06.2017 / 13:11
Мінск шкадуе, што ў палітыцы новай адміністрацыі ЗША «захоўваюцца састарэлыя і зусім неаб'ектыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да Беларусі». Пра гэта заяўляюць у прэс-службе МЗС, каментуючы рашэнне Вашынгтона працягнуць на год санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.
У МЗС Беларусі адзначылі, што гэты крок амерыканскага боку паўтарае аналагічныя рашэнні ранейшых гадоў.
— Для нас абсалютна непрымальным з'яўляецца сцвярджэнне амерыканскага боку аб тым, што Беларусь, якая робіць усё магчымае для ўмацавання рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, можа прадстаўляць для ЗША якую б там ні было пагрозу.
У Мінску лічаць, што, імаверна, патрабуецца больш часу для пераадолення інэрцыі ў адносінах з ЗША.
- Мы нацэлены на працяг пачатага канструктыўнага дыялогу з ЗША і паслядоўна выступаем за ўзаемавыгаднае двухбаковае супрацоўніцтва, развіццё якога, мы ўпэўненыя, будзе спрыяць пазітыўным зменам у знешнепалітычных падыходах Вашынгтона.
***
Раніцай стала вядома аб тым, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягнуў на год уведзеныя ў 2006 годзе санкцыі супраць афіцыйнага Мінска. Абмежаванні былі ўведзеныя Джорджам Бушам у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і членаў іх сем'яў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія ў ЗША і ЕС прызналі недэмакратычнымі.
Санкцыі прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асоб у амерыканскіх банках, забарона ім на ўезд у ЗША, забарона амерыканскім кампаніям весці з імі справы. Традыцыйная фармулёўка матывацыі Вашынгтона ўключае ў сябе фразу пра тое, што дзеянні беларускіх уладаў «прадстаўляюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі Злучаных Штатаў».