Як штурмаваў уладу Аляксандр Лукашэнка і хто былі яго першыя супернікі
31.08.2017 / 19:13
31 жніўня 2017 года прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку афіцыйна споўнілася 63 гады. З іх 23 гады ён займае пасаду кіраўніка дзяржавы. Такі доўгі тэрмін кіравання — рэдкасць нават для краін з традыцыйна ўстойлівымі аўтарытарнымі і таталітарнымі традыцыямі. Піша гісторык Аляксандр Кур'яновіч.
Імя Лукашэнкі даўно ператварылася ў сінонім палітычнага доўгажыхарства і асацыюецца, як правіла, з цвёрдай уладай, непрымірымасцю да ідэйных апанентаў, апантанасцю ў дасягненні мэтаў. Шматгадовае кіраванне Лукашэнкі выклікае дыскусіі аб прычынах устойлівасці пабудаванай ім сістэмы ўлады, а таксама спараджае розныя, часам фантастычныя, сцэнары краху, сыходу першага беларускага прэзідэнта з палітычнай арэны, на якую ён трыумфальна ўзышоў чвэрць стагоддзя таму.
Год 1989
Шанец прарвацца Лукашэнку падарыла гарбачоўская перабудова, а таксама канкрэтная падзея — выбары народных дэпутатаў СССР у сакавіку 1989 года.
Паводле зменаў у Канстытуцыю 1977 года, якія былі прыняты ў канцы 1988 года, ствараўся новы найвышэйшы орган улады — З’езд народных дэпутатаў колькасцю 2250 чалавек. Шклоўскі раён, дзе пражываў Лукашэнка, уваходзіў у дзве выбарчыя акругі: Магілёўскую сельскую нацыянальна-тэрытарыяльную акругу №94 і Магілёўскую сельскую тэрытарыяльную акругу №572. Што да апошняй, дык там без асаблівых пытанняў былі зарэгістраваны два кандыдаты: жыхар вёскі Літоўск Шклоўскага раёна, равеснік Лукашэнкі, механізатар Уладзімір Кароткін і жыхар Магілёўскага раёна, аператар па адкорме жывёлы Міхаіл Курневіч (1944 года нараджэння).
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з выбаршчыкамі, 1989 год.
А вось па Магілёўскай сельскай нацыянальна-тэрытарыяльнай выбарчай акрузе №94 мусіў быць абраны толькі адзін кандыдат. І ім быў не хто іншы, як Вячаслаў Кебіч, намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржаўнага планавага камітэта.
Адказ на пытанне, чаму Кебіч вырашыў балатавацца ў глухой правінцыі, вельмі просты. На той момант Мінск — сталіца Беларускай ССР — літаральна віраваў, аўтарытэт набіраў Беларускі народны фронт.
Таму ў дзяржаўных і партыйных бонзаў было сумненне наконт вынікаў выбараў у Мінску: першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў вылучыў сваю кандыдатуру ў Кобрыне, сакратар ЦК КПБ Мікалай Дземянцей — у Полацку.
Вячаслаў Кебіч на сустрэчы з выбаршчыкамі, 1989 год.
Шклоўскаму мясцоваму кіраўніцтву кандыдатура Кебіча была выгадная, бо з’яўляўся шанец атрымаць істотную дапамогу з рэспубліканскага бюджэту.
Аднак усе планы зламаў Лукашэнка: у студзені 1989 года яго кандыдатура была вылучана на сходзе, на якім прыстутнічалі каля 200 працоўных саўгаса «Гарадзец», дзе Лукашэнка быў дырэктарам. Паводле газеты «Ударны фронт» — органа Шклоўскага райкома КП Беларусі і раённага Савета народных дэпутатаў, Лукашэнку ў сваіх прамовах падтрымалі: жывёлавод саўгаса В.В.Букетава, даяр В.А.Пятакоў, механізатар А.А.Кроцікаў. Выступоўцы адзначылі, што іх дырэктар «мае добрыя арганізатарскія здольнасці кіраўніка».
Чаму Лукашэнка ўсё ж вырашыў вылучыцца і не спалохаўся Кебіча? Сваю ролю адыгралі як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя фактары.
Калі да першых можна аднесці сітуацыю ў краіне ў цэлым, атмасферу плюралізму і г.д., то да другіх — канечне, асабістыя амбіцыі Лукашэнкі. 28 кастрычніка 1988 года ў галоўнай газеце рэспублікі «Советская Белоруссия» быў надрукаваны артыкул з назвай «Пена на волне перестройки» з нападкамі на нефармалаў і Беларускі народны фронт. Апошнім супрацьпастаўляліся «сотни молодых людей, которые сегодня не только говорят о перестройке, а творят ее созидательным трудом и научно-техническим поиском». Сярод гэтых «молодых людей» фігураваў на той час 34-гадовы Аляксандр Лукашэнка, які «возглавил самое убыточное в Могилевской области хозяйство». Гаспадарка, як сцвярджала публікацыя, «практически за год благодаря внедрению новых хозрасчетных отношений» атрымала «миллионную прибыль». Таму «молодого директора пригласили на совещание в ЦК КПСС», дзе «с ним беседовал по этим проблемам Михаил Сергеевич Горбачев».
Зразумела, што Кебічу былі не патрэбны лішнія праблемы, таму на Лукашэнку пачаўся ціск.
Так, у пачатку сакавіка 1989 года на сустрэчы выбаршчыкаў з Лукашэнкам у шклоўскім кінатэатры «Мір» (сустрэча працягвалася больш за чатыры гадзіны) першы сакратар Шклоўскага райкама КП У.С. Ермаліцкі адзначыў нізкую рэнтабельнасць «Гарадца», нягледзячы на тое, што саўгасу далі вялікія матэрыяльныя рэсурсы. Партыйны чыноўнік асудзіў рэзкія выпады Лукашэнкі на адрас былых народных дэпутатаў СССР і БССР, што выбіраліся на Шклоўшчыне, а таксама ў адносінах да Кебіча. Сакратар парткама льнозавода г. Шклова Т.А.Ільюшэнка заклікаў не галасаваць за Лукашэнку, бо апошні быццам бы прапанаваў ліквідаваць райкам партыі.
Нават па мерках перабудовы і ва ўмовах Савецкай Беларусі думкі Лукашэнкі былі даволі радыкальныя. Напярэдадні выбараў у інтэрв’ю «Магілёўскай праўдзе» ён раскрытыкаваў сістэму савецкага парламентарызму, дзе дэпутат быў усяго толькі «прыдаткам для пасады». Выбаршчыкам, безумоўна, імпанавалі заклікі Лукашэнкі зрабіць вёску моцнай, давесці ўзровень жыцця селяніна да ўзроўня гараджаніна і г.д.
З пазіцыі перабудовы. Пытанне Лукашэнку задае ўрач Віктар Аляксандравіч Баран.
Маладому дырэктару пашчасціла: за яго ўступілася сама «Сельская жизнь» — газета Цэнтральнага Камітэта КПСС.
19 сакавіка 1989 года карэспандэнт выдання Анатоль Гуляеў надрукаваў артыкул «Метаморфозы. История о молодом руководителе, к которому резко изменилось отношение, как только он согласился выдвинуть свою кандидатуру в народные депутаты СССР. Почему?». Гуляеў адзначаў такія факты, як прыезд рэвізіі ў саўгас, ананімкі, якія нібыта сведчылі пра «моральную неўстойчивость кандидата» і г.д.
Уладзімір Кароткін і Міхаіл Курневіч змаглі перамагчы асабістыя амбіцыі і зрабіць супольны здымак. Аднак здымка Кебіча і Лукашэнкі ў 1989 годзе вы не знойдзеце нідзе.
Рэспубліканская прэса павінна была адрэагаваць. За два — 24 сакавіка 1989 года — дні да выбараў «Советская Белоруссия» надрукавала артыкулы Лукашэнкі («Жить заботами людей») і Кебіча («Моя позиция»).
Аналіз артыкула Лукашэнкі сведчыць, што ў будучага беларускага прэзідэнта меўся талент публічнага палітыка і нядрэнныя задаткі маніпулятара грамадскай думкай.
Артыкул, напрыклад, пачынаўся так: «Есть на Шкловщине небольшая, запрятавшаяся среди лесов деревенька Александрия. Здесь я родился. С раннего детства познал, что такое труд крестьянина, испытал тягу к земле. О, эта земля! Какая у неё притягательная сила! Как зовёт она к себе того, кто родился средь просторов полей и лугов, кто сделал свои шаги в деревенской хате!».
Лукашэнка вырас на Шклоўшчыне, хоць і нарадзіўся ў іншым раёне.
У чэрвені 1994 года падчас простай размовы Лукашэнкі з чытачамі «Звязды» (нумар за 13 чэрвеня 1994 года) жыхар Мінска Эдуард Валасевіч спытаў у кандыдата, дзе той нарадзіўся. Высветлілася, што Лукашэнка з’явіўся на свет у пасёлку Копысь Аршанскага раёна («у бальніцы»), а жыў у Александрыі.
Звяртае ўвагу тое, што ў артыкуле Лукашэнкі не было ніводнай лічбы. Галоўная мэта палягала ў тым, каб уздзейнічаць на эмоцыі і пачуцці людзей. Што да Кебіча, то ён прыводзіў канкрэтныя звесткі.
Кіраўнік Дзяржплана, напрыклад, абяцаў заасфальтаваць у акрузе да 1992 года вясковыя вуліцы з 20 і больш дамамі, дадаўшы, што гэта яго «личное дело».
Кебіч, Кароткін і Курневіч…без Лукашэнкі. Будучы прэзідэнт на дэбаты не з’явіўся.
Вынікі выбараў 26 сакавіка 1989 года па Магілёўскай сельскай нацыянальна-тэрытарыяльнай выбарчай акрузе №94 былі такія: з агульнай колькасці выбаршчыкаў у 213 882 чалавекі ўдзел у выбарах узялі 205 586. З іх Кебіча падтрымалі 104 936, а Лукашэнку — 94 006. Кебіч перамог, але такая адносна невялікая розніца сведчыла аб вялікім публічна-дэмагагічным патэнцыяле дырэктара саўгаса.
Год 1990
Пасля выбараў народных дэпутатаў СССР Беларусі трэба было перажыць яшчэ адну электаральную кампанію — выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12-га склікання.
Як справядліва зазначае знакаміты даследчык эпохі Лукашэнкі Валерый Карбалевіч ў сваім выдатным артыкуле «Путь Лукашенко к власти» (1997 год), для будучага прэзідэнта пытання ўдзельнічаць ці не ўдзельнічаць у выбарах не існавала: Аляксандр Рыгоравіч назаўжды захварэў на палітыку. У студзені 1990 года Лукашэнка быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па 310-й Шклоўскай выбарчай акрузе. Па іроніі лёсу, гэтая акруга была апошняй па нумары: па тагачасным заканадаўстве ў Вярхоўны Савет трэба было абраць 360 дэпутатаў: 310 — па акругах і 50 — ад кантраляваных уладамі грамадскіх арганізацый (ветэраны, сляпыя і глухія).
Цікава, што кандыдатуру Лукашэнкі вылучыў не яго родны саўгас, а калектыў калгаса «Маяк» Шклоўскага раёна.
Карнееў, Громаў, Буевіч, Лукашэнка падчас перадвыбарчай кампаніі, 1990 год.
Канкурэнцыя на выбарах была вялікая: на 310 дэпутацкіх месцаў прэтэндавала 1427 кандыдатаў.
Супернікі Лукашэнкі былі наступныя: фаварыт выбараў і стаўленнік мясцовых уладаў Яўсей Карнееў — першы намеснік старшыні Магілёўскага абласнога савета народных дэпутатаў, старшыня аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці; Вітольд Буевіч — галоўны доктар Шклоўскай раённай бальніцы; Уладзімір Громаў — дырэктар эксперыментальнай базы «Спартак» (асноўная дзейнасць — рамонт сельгастэхнікі, аб’ектаў прамысловасці і культуры).
Як адзначала мясцовая прэса, у прыватнасці «Ударны фронт», выступленні Лукашэнкі былі больш удалымі, лепш уздзейнічалі на выбаршчыкаў.
Так, у канцы лютага 1990 года на сустрэчы выбаршчыкаў з Лукашэнкам у вёсцы Лакуці Шклоўскага раёна жыхар І.М.Нікафараў «убачыў у Лукашэнку сапраўднага байца за справядлівасць».
Што абяцалі кандыдаты? Праграма Карнеева не адрознівалася ад сухіх партыйных установак аб паляпшэнні сельскай гаспадаркі, урадлівасці глебы, пасевах канюшыны і інш. Няўдалай і расплывістай была праграма Громава: кандыдат абвясціў задачай нумар адзін выкананне Харчовай праграмы, шмат разважаў пра шматпартыйную сістэму і дэмакратыю. Праграма Буевіча цалкам мела медыцынскі характар: галоўны доктар абяцаў увесці ў эксплутацыю паліклініку, стацыянарны лячэбны корпус і інш.
Лукашэнка выйграў у тым, што размясціў сваю праграму асобна ад іншых кандыдатаў у газеце «Ударны фронт». Пафас артыкула быў скіраваны супраць «князьков и царьков», якія без чаргі атрымоўваюць дэфіцытныя тавары. Удала Лукашэнка супрацьпаставіў сталіцу і ўласную правінцыю: па словах кандыдата, жыхар Мінска спажывае 114 кілаграм мяса на год, а шкловец — 20.
Лукашэнка на выбарах 4 сакавіка 1990 года ўпэўнена выйшаў у другі тур: з 28 573 выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні за Лукашэнку прагаласавалі 13 005. У другі тур выйшаў і Буевіч, за якога прагаласавалі 6305 выбаршчыкаў.
І 18 сакавіка 1990 года па выніках другога тура Лукашэнка стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета.
Асабістая заява Лукашэнкі.
Так, абраны па Шклоўскай 310-й, апошняй, выбарчай акрузе, Лукашэнка пачаў свой шлях да ўлады.