Чаму рускі рэп такі папулярны кірунак музыкі не толькі ў Расіі — шмат ВІДЭА

Новая хваля рускага рэпа стала феноменам. Прычым не ўсе рэперы падобныя да Фэйса і Гнойнага. Хто ёсць хто на рэп-сцэне? Піша Зміцер Зайко.

26.10.2017 / 21:16

Рэп-батл Аксімірона і Гнойнага звярнуў на сябе увагу нават тых, хто рэпу не слухае.

Яшчэ 20 гадоў таму складана было ўявіць, што рэп можа стаць самай папулярнай музыкай на абсягах былога СССР. На хлопцаў у вычварных шырокіх джынсах і нацягнутых на самыя вочы шапках глядзелі як на дзівакоў і, адмахваючыся рукамі, казалі: «Гэта дзяцінства, гэта пройдзе».

Прайшоў час, знешне рэпера ўжо складана адрозніць ад звычайнага чалавека (часы шырокай вопраткі сышлі ў гісторыю), ганарары самых відных прадстаўнікоў рэпу ў расійскіх рублях маюць 6 нулёў.

А пачыналася ўсё ў канцы 80-х, калі падчас галоснасці і перабудовы ў СССР з-за акіяну прылятае новая культура — хіп-хоп. Напачатку асноўныя элементы гэтай культуры: графіці, рэп-музыка ды брэйк-данс — хадзілі побач. Звычайна гэта выглядала так: прыхільнік хіп-хопа танчыў брэйк, слухаў ці спрабаваў рабіць рэп і вымалёўваў літары ў сшытку ці нататніку. Тыя, у каго былі грошы на фарбы, рабілі гэта на мурах. З рэпераў, папулярных у 90-я, складана знайсці таго, хто пры гэтым не займаўся танцамі ці маляваннем. Зараз гэта ўжо выключэнне.

Не дзіва, што ўдзельнікі першага папулярнага рэп-калектыву у Расіі «Bad Balance» паралельна займаліся брэйк-дансам. Калектыў меў шырокую вядомасць у 90-я, і асацыюецца перш за ўсё з асобай Уладзіслава Валава (Шеff). Для большасці спажыўцоў ён вядомы як аўтар тэкстаў нашумелага праекта «Дэцл»,

які нават быў намінаваны на «Грэмі» ў намінацыі «найлепшы замежны альбом». Нягледзячы на тое, што залатыя часы «Bad Balance» і Улада Валава засталіся далёка ў мінулым, ён актыўнічае на інфармацыйным полі, карыстаючыся старымі сувязямі. Разам з тым, ён арганізоўвае фестываль Rap Music, які напрыканцы 90-х — пачатку 2000-х быў трамплінам для большасці рэп-артыстаў таго часу. Ураджэнец Данбаса Валаў праз публічныя заявы і песні не раз асуджаў Майдан і выказваў падтрымку «ЛНР»-«ДНР». Кліпы гурта на YouTube заблакаваныя ва Украіне апошнія 3 гады.

У склад «Bad Balance» перыядычна ўваходзіў яшчэ адзін персанаж, якога немагчыма не ўзгадаць у гэтым артыкуле, — Андрэй Меншыкаў (Leagalize).

Удзельнік шэрагу паспяховых праектаў, яго прынята атаясамліваць з другім культавым гуртом 90-х — «D.O.B. Community», шчыльна звязаным з яшчэ адной важнай з’явай у гісторыі рускай хіп-хоп музыкі — лейбла «Rap Records». Поспех праекта «Дэцл» прыцягвае ўвагу да ўсё яшчэ новай для шырокай публікі музыкі. Вакол «Rap Records» гуртуюцца амаль усе найлепшыя прадстаўнікі рускага рэпу. Збоку працы лейбла заставаўся амбітны і даўно паспяховы гурт «Bad Balance», падкрэслена незалежны «Многоточие» ды праект, што набіраў вагу пасля перамогі на Rap Music, таксама меў уласныя амбіцыі, а хутка і свой лейбл, — праект «Каста».

З шырокім уваходам у жыццё звычайнага чалавека інтэрнэту зменшыўся ўплыў фестываляў ды лейблаў. Музыку стала магчыма сцягваць з сеціва, а каб пабачыць на сцэне той ці іншы гурт, знікла патрэба чакаць на фестывалі — дастаткова аднаго кліку. Акурат у гэты час набірае шалёную папулярнасць форум hip-hop.ru.

Фактычна ўсе, хто датычны да хіп-хоп культуры ў былым СССР, абменьваюцца думкамі, сцягваюць ды абмяркоўваюць музыку менавіта там. Адміністрацыя сайта арганізоўвае інтэрнэт-батлы, на якія можа зарэгістравацца кожны ахвотны, а суддзямі з’яўляюцца аўтарытэтныя ў хіп-хоп культуры рэгіёна персоны. Правілы простыя: перад кожным раўндам даецца пэўная тэматыка адным сказам. Як правіла, дужа размытая, каб даць шырокую прастору для імправізацыі. Удзельнікі батлу за акрэслены тэрмін дасылаюць на ўказаны мэйл песню пад абсалютна любы інструментал, як правіла, не аўтарскі. Папулярнасць такога роду батлаў была шалёнай. Шмат хто сачыў за імі нашмат больш пільна, чым за паўнавартаснымі рэлізамі нават вядомых гуртоў. Для шэрагу персанажаў такія батлы сталі трамплінам у вялікую музычную кар’еру. Стартавую вядомасць менавіта ў такіх батлах атрымалі Noize MC, Stim і іншыя.

Ішлі часы, і шал вакол батлаў такога фармату спыніўся. Форумы пакрысе выціскаюцца сацыяльнымі сеткамі, хуткасць і даступнасць інтэрнэту вырастае. Масавая вага відэакантэнту штогод павялічваецца.

Вось якраз у гэты час у горадзе Санкт-Пецербургу некалькі энтузіястаў запачаткоўваюць праект, пра які цяпер не ведае толькі той, хто дужа не хоча пра яго ведаць, — Versus Battle. Прынцып батлу просты і «злізаны» з амерыканскіх аналагаў (гэта не хаваюць і арганізатары): два ўдзельнікі, як правіла, без музычнага суправаджэння, у вершаванай форме павінны ўзвысіць сябе над апанентам, выкарыстоўваючы ўсе даступныя сродкі, у тым ліку і псіхалагічны ціск праз паводзіны падчас батлу, пагрозы апаненту. Адзін з удзельнікаў канкуруючага з «Версусам» батлу «Слово СпБ» нават выйшаў на дуэль з жывой змяёй на плячах. Ніякіх абмежаванняў, цэнзуравання тэкстаў не існуе.

Вядомы выпадак, калі падчас аднаго з батлаў «Слово» ўдзельніца батлу заплакала пасля таго, як апанент пакпіў з ейнага бацькі, што той злоўжываў алкаголем і сышоў з сям’і. Зразумела, ён і выйшаў пераможцам. Гэта выклікала шырокі розгалас у інтэрнэце, ажывіўшы дыскусію пра маральнасць у батлах. Вядомы рэпер Шок нават абяцаў грашовае ўзнагароджанне таму, хто фізічна пакарае віноўніка інцыдэнту.

(Асцярожна! Наступнае відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.)

Асцярожна! Відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.

З цягам часу ў Санкт-Пецярбургу з’явілася дзве моцныя канкуруючыя пляцоўкі: Versus і SlovoSpb. Шэраг батлаў ужо набіраў шматмільённыя прагляды, і дзеля таго, каб шуміха не заціхала, было прынята рашэнне зладзіць батл, у якім бы ўзялі ўдзел, з аднаго боку, рэзідэнт Versus’а, а з другога — Slovo Spb. На першы батл «словаўцы» адразу выставілі свайго найлепшага прадстаўніка Славу КПСС, які цяпер ўсеагульна вядомы як Гнойный. Іх апаненты паставілі супраць яго нашмат меней вядомага і абазнанага Эрнесто Заткнитесь. Гнойный лёгка перагуляў апанента і падчас батлу выклікаў самага аўтарытэтнага батл МС Расіі Мірона Фёдарава (Oxxxymiron).

Мірон, апроч таго, што з’яўляецца адным з самых папулярных рускамоўных рэп-выканаўцаў, таксама музычны фаварыт і наваяўленай кандыдаткі ў прэзідэнты Расійскай Федэрацыі Ксеніі Сабчак. Слава пра апошняга ўжо пайшла далёка за межы Расіі. Ужо рыхтаваўся да батлу з адным з лепшых батлавых МС ЗША Disaster’ам. Паядынак паміж ім і Оксі адбыўся зусім нядаўна ў Лос-Анджэлесе на англійскай мове і нечакана скончыўся заслужанай перамогай апошняга. Англійская мова батлу не прынесла расіяніну нязручнасцяў, бо сам ён доўгі час жыў у Англіі і скончыў Оксфардскі ўніверсітэт.

(Асцярожна! Наступнае відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.)

Асцярожна! Відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.

Oxxxymiron не зведаў паражэння ні ў адным з батлаў на Versus’е, кожны з іх набіраў дзясяткі мільёнаў праглядаў.

Батл паміж Гнойным і Oxxxymiron’ам чакалі доўгія месяцы. І калі ён выйшаў, то зноў пабіў рэкорды праглядаў і скончыўся сенсацыйнай перамогай Гнойнага.

(Асцярожна! Наступнае відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.)

Асцярожна! Відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.

Батл узарваў не толькі сацсеткі, але і прыцягнуў вялізную ўвагу тэлебачання. Яго абмяркоўвалі не толькі ў інфармацыйных перадачах, але і на ток-шоу нават праваслаўных тэлеканалаў, дзе асудзілі батлы як такія за агрэсію. Гнойны стаў удзельнікам ток-шоу на тэлеканале «Культура». Нават вядомы журналіст-прапагандыст Салаўёў прысвяціў гэтай падзеі сваё шоу ў інтэрнэце. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтаму батлу разгарнуліся шырокія абмеркаванні ў расійскім грамадстве, расійскі рэп стаў адной з дамінуючых тэм.

Скандальна вядомы дэпутат Мілонаў прапанаваў знішчыць усіх рэпераў Расіі за тое, што яны разбураюць рускую духоўнасць. Трэба сказаць, што рэп даўно быў пад пільнай увагай уладных колаў. Напрыклад, галоўны прыз тэлешоу «Битва за респект — 2» уручаў на той час прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін.

Па сваім змесце хіп-хоп культура, рупарам якой традыцыйна з’яўляецца рэп-музыка, ад пачатку з’яўлялася дужа ліберальнай. Яе носьбіты выпрацавалі прынцып, па якім усе яны, незалежна ад колеру скуры, нацыянальнай прыналежнасці, мовы і палітычных поглядаў, лічыліся роўнымі і ядналіся ў адну «хіп-хоп нацыю». Адзінае, што не адпавядала ліберальным прынцыпам, — гэта падкрэсленая гамафобія. Разляцеўшыся па свеце і пашыраючы сацыяльную базу, яна ў кожным рэгіёне мела свае асаблівасці. Не стала выключэннем і Расія. На пачатку стагоддзя ў творчасці шмат якіх калектываў, што звычайна пазіцыянавалі сваю прыналежнасць да андэграўнду, выразна чутныя ноткі ксенафобіі і антысемітызму. З’яўляюцца калектывы, якія рэпрэзентуюць сваю музыку як камуністычны рэп. Нярэдкай з’явай у творчасці такіх гуртоў выступае гераізацыя асобы Сталіна, заклікі да фізічнага вынішчэння эмігрантаў з Сярэдняй Азіі. Прычым нярэдка ўсё гэта перакрыжоўвалася ў творчасці адных і тых калектываў.

(Асцярожна! Наступнае відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.)

Асцярожна! Відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.

Безумоўна, падзеі апошніх гадоў, што адбываюцца ва Украіне, таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці прадстаўнікоў расійскага рэпу. Цікава, што на пачатку Майдану, нават пасля першага разгону студэнтаў, усе вядомыя расейскамоўныя рэперы з Украіны, акром, хіба што, Ярмака, ставіліся да мітынгоўцаў або адмоўна, або індыферэнтна.

Увага расійскіх рэпераў да падзей ва Украіне пачала прыцягвацца ўжо пазней, прапарцыйна градусу накалу ў расійскіх СМІ. Заўважым, што погляды па гэтым пытанні падзяліліся. Найбольшы рэзананс выклікаюць песні вядомага рускага рэпера татарскага паходжання Цімаці. Ягоныя песні, дзе ён вінаваціць у канфлікце ва Украіне Барака Абаму ды спявае дыфірамбы Уладзіміру Пуціну, сталі прычынай гарачых абмеркаванняў у сеціве. Зазначым, што зорка даўно палюе на трэнды і, хутчэй за ўсё, гэтымі песнямі выконвала задачу прыцягвання ўвагі да сваёй персоны, чаго адназначна дабілася.

(Асцярожна! Наступнае відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.)

Асцярожна! Відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.

Увогуле, кранаюць рызыкоўную тэму звычайна артысты другога эшалону, зоркі мінулага і маладыя, якія не маюць страху згубіць слухача. Усе самыя вядомыя артысты не падымаюць тэму праз тое, што, з аднаго боку, баяцца згубіць вялікі ўкраінскі рынак, а з другога — шырокага слухача ў Расійскай Федэрацыі. Зазначым, што большасці ўдаецца такое лавіраванне. Гастролі багата каго з расійскіх рэпераў паспяхова праходзяць ва Украіне. Хаця ёсць і рэзанансныя выключэнні. Так, забарону на ўезд ва Украіну артыста з лэйбла «Black star» L’one’а лабіраваў асабіста знакаміты дэпутат Парасюк.

Не абышло ўвагай СБУ і нашага земляка Макса Каржа, які, нягледзячы на выразную апалітычнасць, атрымаў забарону на ўезд ва Украіну на 5 гадоў за канцэрты ў Крыме. Дзеля справядлівасці заўважым, што ў тых канцэртах не было ніякага палітычнага падтэксту і нядаўна гэтая забарона была знятая.

А вось пазіцыю яшчэ аднаго вядомага рэпера Вінта з культавага маскоўскага гурта канца 90-х — пачатку 2000-х Ю.Г. ніяк нельга назваць памяркоўнай. У разгар ваеннага канфлікту на Данбасе ён паехаў добраахвотнікам ва ўзброеныя сілы «ЛНР». Артысты, якія займаюць па шэрагу пытанняў адрозную ад кіруючых колаў Расійскай Федэрацыі пазіцыю, выказваюць яе не толькі ў песнях, але і выказваюцца публічна.

Лідар гурту «Каста» Владзі, які, дарэчы, жанаты з беларускай, адкрыта падтрымаў на выбарах мэра Масквы Аляксея Навальнага і бясплатна выступаў на канцэртах у яго падтрымку. На папулярным шоу «Вдудь» ён заявіў, што калі б яму можна было б нешта сказаць Пуціну, дык ён бы папрасіў яго прымірыцца з украінцамі. На тым жа шоу яшчэ адна зорка рускага рэпу «Баста» выказаўся пра тое, што лічыць Леніна і Сталіна злачынцамі. Noize MC канцэртаваў па заходнеўкраінскіх фестывалях у пік інфармацыйнай вайны, калі гэта было непрадказальна па рэакцыі публікі ў Расіі.

Даўней Leagalize запісаў трэк «Рождённый в СССР», у якім недвухсэнсоўна крытыкаваў савецкую мінуўшчыну і ейныя наступствы. З апошніх вядомых праяваў апазіцыянізму ў творчасці — найбольш рэзанансны трэк гурту Каста «Скрепы», на які нядаўна выйшаў кліп, у здымках якога бралі ўдзел шэраг зорак рэп-музыкі.

(Асцярожна! Наступнае відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.)

Асцярожна! Відэа ўтрымлівае лаянкавую лексіку.

Расійскі рэп цяпер мае вялікую папулярнасць і ў Беларусі.

Канцэрты зорак расійскага рэпу збіраюць вялікія залы і адбываюцца з зайздроснай перыядычнасцю, якую некарэктна нават параўноўваць з маштабам імпрэзаў, звязаных з беларускамоўным рэпам, якога як з’явы проста няма, а ёсць толькі асобныя артысты, колькасць якіх ніколі не перавышала колькасць пальцаў на руках.

Часам сёй-той спрабуе патлумачыць гэта слабой нацыянальнай свядомасцю беларусаў, але ў тым жа Львове зоркі расійскага рэпу збіраюць на свае канцэрты непараўнальна больш наведвальнікаў, чым вечарыны іх украінскамоўных калегаў.

Прычынай, хутчэй, варта лічыць вялізную перавагу ў рэсурсах, як кадравых (колькасць людзей, якія займаюцца рэпам на рускай, непараўнальна большая, чым на ўкраінскай і беларускай), так і медыйных ды фінансавых. Рынак спажывання расійскага рэпу нашмат большы і, як ўжо заўважана, не абмяжоўваецца тэрыторыяй Расійскай Федэрацыі. З гэтай прычыны і ахоп аўдыторыі СМІ, якія займаюцца асвятленнем расійскай рэп-музыкі, непараўнальна большы.

Дадамо, што ў Расіі багата гуртоў, якія займаюцца гэтай музыкай на сваіх родных мовах: татарскай, алтайскай, чачэнскай. Разам з тым, велізарную папулярнасць маюць беларусы Макс Корж і ЛСП, украінцы Типси Тип ды Миша Туман, казахі Скриптонит і Jah Khalib.

Зміцер Зайко