Колькі каштуе дубляж фільма па-беларуску? Размова з арганізатарам беларускамоўных паказаў
28.10.2017 / 16:42
27 кастрычніка ў Мінску адбыўся прэм’ерны паказ фільма «Шторм: палаючы ліст» Яго асаблівасцю стала тое, што кіно ў беларускамоўным дубляжы ўпершыню паказваецца не ў адным кінатэатры, а па ўсёй краіне.
На прэм’еры назіраўся аншлаг, і гэта нельга назваць беларускамоўнай тусоўкай. Большасць гледачоў, сярод якіх было дужа шмат моладзі, размаўлялі між сабой па-руску, што паказвае на станоўчае стаўленне і зацікаўленасць рускамоўнай аўдыторыі да замежнага кіно па-беларуску. Нам удалося задаць некалькі пытанняў арганізатару беларускамоўных паказаў Андрэю Кіму, які працяглы час прымаў падзякі гледачоў.
Пераклад фільмаў на беларускую мову — ініцыятыва Андрэя Кіма.
— Колькі каштуе дубляж фільма па-беларуску?
— Гэта залежыць ад таго, на колькі разлічваць. У сярэднім цяпер у нас выходзіць каля 1500 даляраў. Так, гэта няшмат. Некаторыя думаюць, што трэба нашмат больш грошай. Насамрэч мы працуем у вельмі сціслым бюджэце. Зразумела, што, напрыклад, прафесійны рускі дубляж нашмат даражэйшы. Мы ж працуем без аніякіх грантаў, таму абыходзімся невялікімі грашыма для забеспячэння той якасці, якая ў нас зараз ёсць.
— Ад чаго залежыць кошт дубляжу?
— Гэта аплата перакладчыкаў, рэдактараў, студыі, акцёраў, спецыялістаў па мантажы. Зноў жа, не ўсё, што мы робім, можна назваць дубляжом: існуе закадравая агучка, ліпсінг, дубляж — гэта ўсё розныя рэчы, якія каштуюць па-рознаму. Вядома, каб было танней, можна пасадзіць аднаго акцёра, які начытае ўвесь пераклад у мікрафон. Мы ж цяпер робім дубляж з пяцю—шасцю прафесійнымі акцёрамі, кожны з якіх агучвае адну ці дзве ролі. Мы наймаем прафесійных перакладчыкаў, рэдактараў, людзей, якія займаюцца мантажом.
— Колькі часу займае дубляж?
— Увесь працэс ад перакладу і дубляжу да самага канца ў нас займае месяц. Калі мы будзем пашырацца, мы паскорым гэты працэс. Бывае, спраўляемся і за 2—3 тыдні. Але «Беларускія ўік-энды» мы праводзім раз на месяц, і гэта для нас нармальная хуткасць.
— Якія планы ў вас на будучыню?
— Наша галоўная мэта зараз — умацавацца на той прыступцы, на якую мы здолелі стаць. А ў далёкай перспектыве мы б хацелі, каб усе фільмы ў нашай агучцы выходзілі ва ўсіх кінатэатрах па ўсёй Беларусі. Вельмі хацелася б, каб кіно па-беларуску стала не менш папулярным за расійскамоўнае. Ужо цяпер фільм «Шторм» будзе паказаны адразу ў шасці кінатэатрах Менску і яшчэ ў 20 гарадах па ўсёй краіне.
— Што будзеце рабіць, калі вашую ідэю падхопіць дзяржава? Ці разглядаеце вы яе ў якасці канкурэнта?
— Мы ўвогуле не разглядаем нікога ў якасці канкурэнтаў. Мы якраз імкнемся справакаваць іншых на тое, каб рабіць гэтую справу. Больш за тое, я б хацеў, каб у нас былі канкурэнты, але іх, на жаль, няма. Мы не можам пастаянна выконваць працу Міністэрства культуры. Было б добра, каб праект «Кінаконг» стаў вялікай кампаніяй, якая робіць дубляж высокай якасці. Але ў любой нармальнай краіне ёсць больш як адна студыя дубляжу.
— Ці маеце вы зносіны з нейкімі дзяржаўнымі органамі? Як яны ставяцца да вашага праекта?
— У нас ёсць буйная прапанова ад адной дзяржаўнай установы — яна ўзбадзёрыла мяне. Мы атрымалі яе падчас паказу фільма «Форэст Гамп». Але я пакуль не буду вам расказваць падрабязнасці. Што ж тычыцца Міністэрства культуры, я думаю, яны нас папросту не заўважаюць.
* * *
Пры канцы размовы сп. Андрэй вельмі прасіў расказваць пра фільм «Шторм: палаючы ліст» сябрам і знаёмым, бо ў праекта «Кінаконг» няма такой буйной рэкламы, як у фільмаў у расійскамоўным дубляжы, і ён губляецца ў ценю такіх гігантаў як «Геашторм», «Матыльда», «Тор».
Падтрымайма беларускамоўныя паказы! Рабіце рэпост гэтага артыкула ў сацсетках.