Рэвалюцыя ў кіно: экраны ў кінатэатрах будуць замененыя на святлодыёдныя?

У красавіку 2017 года адразу дзве кампаніі — Samsung і Sony — прадставілі першыя ў свеце святлодыёдныя экраны для кінатэатраў. Калі гэтая тэхналогія распаўсюдзіцца па ўсім свеце, традыцыйныя экраны і велізарныя кінапраектары знікнуць з кінатэатраў.

31.10.2017 / 01:12

Дагэтуль можна было казаць пра ўдасканальванні тэхналогій кінематографа ў розныя дзесяцігоддзі (чорна-белае кіно стала каляровым, стужкавыя праектары замяніліся лічбавымі), цяпер жа размова ідзе аб першай сапраўднай рэвалюцыі. Мы пастараліся разабрацца, што такое «святлодыёдныя экраны», і ці здолеюць яны выціснуць з кінатэатраў праектары.

З чаго ўсё пачалося

На выставе CinemaCon былі прэзентаваныя адразу два экраны: Sony Crystal LED шырынёй 5 метраў і Samsung Cinema Screen шырынёй 10 метраў.

У абодвух выпадках яркасць выявы шматразова перавышала яркасць стандартнага экрана кінатэатра.

Праз некаторы час без аніякіх прэзентацый на рынку з’явілася трэцяя кампанія — HSI Immersive, якая выпусціла экран, прызначаны для паказу 3D-фільмаў. І калі першыя дзве кампаніі толькі тэставалі свае інавацыйныя экраны, HSI Immersive ужо актыўна праводзіла ў ЗША разнастайныя маркетынгавыя прэзентацыі з мэтай прасунуць свае экраны ў амерыканскія кінатэатры.

І вось, 13 чэрвеня 2017 года было абвешчана пра першае камерцыйнае ўсталяванне святлодыёднага экрана Samsung у кінатэатры ў Сеуле.

Што гэта такое

Святлодыёдны экран складаецца з пікселяў, якія, у сваю чаргу, складаюцца з некалькіх рознакаляровых святлодыёдаў. Ад таго, які тып паўправадніковага крышталю выкарыстоўваецца, залежыць колер святлодыёда. Звычайна піксель утрымлівае дыёды трох колераў: чырвонага, сіняга і зялёнага, часам па некалькі штук. Кошт экрана залежыць ад кроку пікселяў — адлегласці паміж цэнтрамі суседніх пікселяў: чым больш шчыльна месцяцца пікселі, тым больш якаснай будзе выява і больш высокім — кошт.

Некалькі пікселяў утвараюць святлодыёдны кабінет, які мае ўласны блок сілкавання і ахаладжэння. Такіх святлодыёдных кабінетаў можа быць ад некалькіх дзясяткаў да соцень, у залежнасці ад памераў экрану.

З некалькіх такіх рознакаляровых дыёдаў складаецца адзін піксель

Зверху — піксель з васьмі святлодыёдаў, знізу чатыры пікселі з пяці дыёдаў.

На першы погляд, перавагі святлодыёдных экранаў відавочныя:

Але шмат якія пытанні ўсё яшчэ застаюцца невырашанымі. Пра магчымыя праблемы, якія могуць узнікнуць падчас эксплуатацыі такіх экранаў, распавёў дырэктар аднаго з падраздзяленняў даследчага агенцтва IHS Дэвід Хэнкок падчас прэзентацыі новай тэхналогіі на выставе CinemaCon 2017:

«Галоўнай праблемай ёсць кошт такога экрану, хаця фактычныя цэны пакуль не названыя. Негледзячы на тое, што святлодыёды ліквідуюць недастатковую яркасць і кантраснасць, выніковым фактарам іх поспеху стане кошт.

Святлодыёдныя экраны маюць не бясконцы тэрмін службы: 10-15 год. Як тое было ў выпадку з лічбавымі праектарамі, кошт LED-экранаў будзе зніжацца с цягам часу, калі колькасць іх установак у свеце будзе расці.

Але ўзнікаюць наступныя пытанні.

Што рабіць, калі адзін піксель перастане працаваць? Дзякуючы модульнай структуры экрана панэль з праблемнай вобласцю можна замяніць. Але новая панэль можа быць ярчэйшай за тыя, якія з ёй суседнічаюць, бо з цягам часу яркасць святлодыёдаў зніжаецца.

Яшчэ адзін важны недахоп святлодыёдных экранаў для кінатэатра — дзе размяшчаць заэкранныя акустычныя сістэмы?»

У кожным сучасным кінатэатры, акрамя бакавое акустыкі, існуе некалькі калонак непасрэдна за экранам, каб гук ішоў наўпрост перад гледачамі. Гук праходзіць праз невялікія дзіркі ў палатне экрана. У святлодыёдных экранах такіх дзірак няма. У вышэй згаданым кінатэатры Сеула гэтую праблему вырашылі, усталяваўшы гукаўзмацняльнікі па перыметры экрана. Што праўда, пакуль невядома, як гэта адбіваецца на якасці гука.

Мы паразмаўлялі з інжынерам мінскага кінатэатра «Ракета» Аляксандрам Пашкевічам, які назваў нам яшчэ як мінімум тры істотныя недахопы:

«Па-першае, святлодыёдны экран мае мільёны святлодыёдаў, а кожны кабінет — розныя элементы, якія выпрацоўваюць цеплыню падчас працы. Ніхто не называе агульную велічыню гэтае цеплаперадачы. Але ад гэтага залежыць праца архітэктараў і праекціроўшчыкаў па распрацоўцы дадатковае вентыляцыі і кандыцыянавання паветра кіназалаў.

Другое невырашанае пытанне — як адаб’ецца на якасці гука падчас кінапаказу сумарная праца ўсіх вентылятараў, якія астуджаюць асобныя святлодыёдныя кабінеты, а таксама праца дадатковай вентыляцыі залы?

Па-трэцяе, ніводны вытворца не кажа пра абароненасць сваёй прадукцыі ад вандалаў: ці прадугледжана абарона экранаў ад пылу, вільгаці, удараў цвёрдымі прадметамі?»

Улічваючы такую вялікую колькасць недахопаў і невырашаных праблем, узнікае пытанне аб эканамічнай мэтазгоднасці выкарыстання ў кінатэатрах святлодыёдных экранаў. Досвед выкарыстання такога экрану ў элітным кінатэатры Сеула дасць адказы на ўсе вышэй згаданыя пытанні, а таксама на галоўнае пытанне: ці чакаць нам усё ж рэвалюцыі ў кінематографе?

Чытайце таксама: «Як гэта зроблена»: паказваем кінатэатр знутры

Ілья Параскевіч