У таварыстве «Веды» адхрысціліся ад лектара Андрэя Іванова

05.01.2018 / 16:07

Cкандальная лекцыя для раённых ідэолагаў у Нясвіжскім райвыканкаме абурыла інтэрнаўтаў. «Наша Ніва» пацікавілася ў таварыства «Веды», якое адказвае за ідэалагічную работу ў краіне, якімі крытэрыямі яны кіруюцца пры селекцыі спікераў — жонка лектара Андрэя Іванова сказала, што ён, маўляў, працуе цяпер менавіта ў «Ведах».

Чытайце: «З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў

У цэнтральным апараце «Ведаў» ад Іванова рашуча адхрысціліся, заявіўшы, што такіх работнікаў у іх дакладна няма — накіравалі з пытаннямі ў абласное аддзяленне.

Мы дазваніліся да першага намесніка старшыні «Ведаў» Ігара Лінкіна, які курыруе работу па Мінскай вобласці. 

«Так, я ведаю такога чалавека, — сказаў ён. — Але ён стала не працуе ў нас, ён вольная птушка, часам прыцягваўся да лекцый».

Але хто яго прыцягваў?

«Не памятаю. Бывае ж такое, што і самі выканкамы запрашаюць кагосьці выступаць. Але магу дакладна сказаць, што ў аблвыканкамах ён не выступаў. І ў прынцыпе, мо гады з два ён ужо не займаецца такімі выступамі», — расказвае Лінкін.

Якімі ведамі трэба валодаць, каб, як і Іваноў, пачаць чытаць лекцыі ідэолагам?

Лінкін тлумачыць, што «усё вырашаецца пасля персанальнай размовы», маўляў, «часам трэба нейкія словы прэзідэнта растлумачыць».

АЯ