Алег Мінкін. «Малітва», «Тутэйшыя», «Рыфмар», «Эпітафія». Вершы

27.01.2018 / 23:24

Малітва

Часе ты наш навазорны,
Ты ў нас такі бездакорны
I працавіты млынар!
Дзякуй, што мелеш ня зёрны
На хлеб нам надзённы, а горнеш
Нас, сваіх любых ахвяр, 
У жарало ненажорных
Чорных, скрываўленых жорнаў,
Каб новы сьпячы з нас штандар:
Чорна-чырвона-чорны!

Тутэйшыя

Калісь з імпэтам нетутэйшым тут
Мы аўгіевых стайняў гной і бруд
Выносілі, каб з холаду й сутоньня
На сонца вывесьці бялюткіх коней.
Дзе тыя коні? Як заўжды — ў палоне.
А ўжо зіма нам пасівіла скроні…
І наш запал, юначы наш імпэт —
У небе чорным мэтэора сьлед.

Рыфмар

Твой прытул, трыпутнік,
Як і мой — дарога…
Вечны ты пакутнік,
Але ж бачыў многа.

Глянь, бялюткай сьцежкай
Чорная кабета
Ў змрок вядзе з усьмешкай
Рыфмара-паэта.

Хоць ён гольма голы,
Але ніштаваты,
I такі вясёлы,
Бы на неба ўзяты.

Эпітафія

Навошта гэтак ты хварэў на вершы,
Ня спаў начмі, трымцеў, занепадаў,
Сягаў у сьвет, жахліва-нетутэйшы,
А тут сам пра сябе зусім ня дбаў?

Няўжо, каб пры размове двух эстэтаў
Адзін, з пасьмешкай, у другога запытаў:
— А Хведар Ніцка… Ведаеш, хто гэта?
— Так, быў такі. Здаецца… вершыкі складаў!

Друкуецца паводле літаратурнага альманаха беларусаў замежжа «Беларус». Набыць яго можна праз сайт.