Насця Рыбка запрасіла Пуціна на асабістую сустрэчу. Абяцае расказаць шмат цікавага
10.02.2018 / 19:00
Бабруйчанка Насця Рыбка запрасіла прэзідэнта Расіі на асабістую сустрэчу і паабяцала расказаць яму шмат цікавай інфармацыі пра яго супрацоўнікаў, службоўцаў і пра яго асабіста. Адпаведнае відэа Рыбка выклала ў сябе ў Instagram.
У відэа Рыбка называе скандал з Дзерыпаскам, Прыходзькам і Навальным «эксперыментам». І дадае, што падобнымі «маніпуляцыямі над высокапастаўленымі людзьмі», а таксама «эксперыментамі над грамадскай думкай» займаецца апошнія два гады, піша Tut.by.
— Як бачыце, усё паспяхова, — заўважае Рыбка.
Паводле яе слоў, у яе сабралася шмат інфармацыі, якая магла б зацікавіць «некаторых людзей у Расійскай Федэрацыі».
— Таму прызначаю асабістую сустрэчу Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну. Буду рада з ім пазнаёміцца і падзяліцца той інфой, якая ў мяне ёсць, — усміхаецца Рыбка.
Яна сцвярджае, што інфармацыя тычыцца супрацоўнікаў, службоўцаў, а таксама асабіста Пуціна і прапануе звязацца з ёй на працягу тыдня любым зручным спосабам.
Імя Насці Рыбкі (сапраўднае імя - Анастасія Вашкевіч) ўсплыло дзякуючы расследаванню Аляксея Навальнага і яго Фонду барацьбы з карупцыяй. Яно тычылася намесніка старшыні ўрада Расіі Сяргея Прыходзькі і алігарха Алега Дзерыпаскі. Нагодай для расследавання сталі фота з яхты Дзерыпаскі, якія дзяўчына выклала ў Instagram. У расследаванні Навальнага Рыбку называюць «прадстаўніцай індустрыі эскортных паслуг».
Пасля публікацыі расследавання ФБК, Рыбка падзякавала Навальнаму за піяр. Таксама яна абвінаваціла намесніка старшыні ўрада Расіі Сяргея Прыходзьку і алігарха Алега Дзерыпаску ў групавым згвалтаванні, але пазней заявіла, што пажартавала.
Расійскі алігарх назваў расследаванне Навальнага хлуснёй. Пазней яго прадстаўнік паведаміў, што Дзерыпаска мае намер падаць на Навальнага ў суд.