У Новай Каледоніі пройдзе рэферэндум аб незалежнасці ад Францыі
28.03.2018 / 13:33
Атол Увеа ў Новай Каледоніі. Фота з Вікіпедыі.
4 лістапада ў Новай Каледоніі пройдзе рэферэндум аб незалежнасці гэтай ціхаакіянскай тэрыторыі ад Францыі.
«Вы хочаце, каб Новая Каледонія атрымала доступ да поўнага суверэнітэту і стала незалежнай?» — такое пытанне будзе вынесена на галасаванне. У бланку адказу на яго можна будзе абраць «так» ці «не».
Правядзенне рэферэндуму прадугледжвалася падпісаным ў 1998 годзе пагадненнем аб паступовай дэкаланізацыі архіпелага. Новая Каледонія на сёння мае статус заморскай тэрыторыі Францыі.
Першы рэферэндум аб незалежнасці быў праведзены ў Новай Каледоніі ў 1998 годзе. Тады большасць жыхароў прагаласавала супраць выхаду са складу Францыі.
Насельніцтва Новай Каледоніі — гэта прыкладна 280 тысяч чалавек. З іх 39% належаць да карэннай народнасці, якая называецца «канакі», а 28% адносяць сябе да «еўрапейцаў». Акрамя іх, жывуць выхадцы з розных краін ціхаакіянскага басейна. На мясцовых мовах на сёння ўмеюць гаварыць прыкладна 25% жыхароў. У мясцовым парламенце на сёння за незалежнасць выступаюць 25 з 54 дэпутатаў.