Хто такія «жакі» і каго лупцавалі на Вялікдзень ВІДЭА
05.04.2018 / 09:57
Праграма «Вяскоўцы» тэлеканала «Белсат» рыхтуецца да Вялікадня. Напярэдадні свята яна завітала ў вёску Маршалкі Валожынскага раёну ды высветліла, як там некалі адзначалі Уваскрашэнне Хрыстова.
Вядоўца Віктар Шукеловіч навучыўся рабіць вярбу для асвячэння ў царкве, а потым пабіў ёю сваіх суразмоўцаў. Даўней асвячонай вярбой лупцавалі адно аднаго на здароўе і доўгае жыццё адразу пасля царкоўнай службы. Лупілі ёю і ўсіх дамачадцаў, якія не былі ў святыні. А малыя дзеці адзін раз у год самі чакалі, калі іх агрэюць вербнымі галінкамі.
Жыхаркі Маршалак распавялі, як колісь дарослыя хадзілі ў «валачэўнікі», а дзеці ў «жакі», і якія пры гэтым спявалі песні ды расказвалі вершы. Існаваў нават адмысловы велікодны «тарыф», калі за розныя песні давалі розную колькасць яек.
У выданні — цэлы шэраг нявыдуманых гісторый, своеасаблівых прыкладаў вуснай прозы: як сабачка спяваў разам з валачобнікамі; як дзяўчынка заблудзілася ў аўсе; як механоша пабіў яйкі і гэтак далей.
Адна з гераінь шчыра падзялілася з праграмай «Вяскоўцы» сваёй даўнейшай марай ды распавяла, чаму яна гэтак і не здзейснілася.