Віктар Марціновіч: Краіна Лісапедзія
02.05.2018 / 15:40
Фота Анатоля Клешчука
Гэтае каралеўства існавала задоўга да таго, як 20 гадоў таму ў Мінску і абласных гарадах з’явіліся першыя шасэйныя веландосы з аблегчанай рамай, тармазамі на рагах і дзевяцізорачнымі хуткаснікамі Shimano. Гарадскія заўзятары, якія пілатавалі гэтыя шыкоўныя агрэгаты, ганарліва празвалі сваіх любімцаў «роварамі». Яны стваралі рухі за арганізацыю веладарожак у гарадах, збіраліся ў «Крытычную масу» ды спрытнічалі сярод аўтамабіляў больш дзёрзка, чым іншыя байкеры.
Каралеўства ніколі не змагалася за правы, «веладарожкай» звала трэнажоры з педалямі, раскіданыя па маёнтках «багаценькіх» — так што калі сапраўдныя веладарожкі пракрочылі ў правінцыю, імі — у тых жа Асіповічах — спачатку ніхто не карыстаўся, прастуючы, як і было заведзена, па ходніках і праезнай частцы. Жыхары каралеўства называюць свае агрэгаты «лісапедамі», слова «ровар» разумеюць толькі ў цэнтры, на поўначы і на захадзе: паўднёвы ўсход мае тэндэнцыю блытаць «ровар» і «явар». Каралеўства пачынаецца за дваццаць кіламетраў ад любога горада з насельніцтвам, большым за 100 тыс. Мінск — сталіца Рэспублікі Раварыстаў, Гародня, Віцебск, Берасце — «раваруюць». У любой вёсачцы, у любым райцэнтры — «лісапедзяць».
Лісапед — асноўны сродак пераруху беларускай правінцыі з трох прычын:
Першая (і самая галоўная): ім можна кіраваць, моцна ўмазаўшыся. То бок, па правілах дарожнага руху, канечне, нельга, але па негалосных законах, якія дзейнічаюць на зямлі спрадвеку, калі «вяслуеш» па тратуарчыку ці ўзбочынцы, хай сабе крывенька, але не падаеш пад колы райвыканкамаўскіх картэжаў, дык да цябе і не дакалябецца ніхто. Бо крані сёння аднаго — трэба будзе заўтра ўсю рэспубліку штрафаваць. Да таго ж лісапед — структура самарэгуляваная. Калі ты моцна касы, дык узлезці на свайго сябра — можа, і ўзлезеш, але ж трэба і раўнавагу трымаць! То пасля пляшкура чарнілаў лепей пасядзець, пакурыць гадзінку і толькі адпачыўшы, ехаць па другі пляшкур.
Другая: лісапед не падлягае «падатку за тэхагляд». Калі вёска пра што і балбоча сёння, дык гэта тое, як «Пятровіч» (прадстаўнік мясцовага пенсіянерства) два гады не можа сесці на сваю «Ладу», бо «Іваныч» (прадстаўнік мясцовага ДАІства) ужо аднойчы злавіў таго без тэхагляду, яны ўжо пагаманілі наконт суаднесенасці памераў пенсій з памерамі транспартнага падатку, пасля чаго першы суразмоўца атрымаў папярэджанне, што наступным разам «Іваныч» усё ж вымушаны будзе «не заплюшчваць вочы» (на што яго змушае тое, што сын жанаты на стрыечнай унучцы Пятровіча). Лісапед (у адрозненне ад ровара!) існуе як бы паралельна дзяржаве, у свеце без грошай, без тэхаглядаў. Ён — ідэальны, казачны сродак паскарэння чалавечай хуткасці. Што, па гамбурскім рахунку, ДАІ можа ўзяць з лісапедзіста? Акрамя самога лісапеда, які забадаецца рамантаваць? Правільна, нічога! Калі б у лісапедзіста былі грошы заплаціць транспартны падатак, ён ездзіў бы з тэхаглядам на сваім 30-гадовым «Жыгулёнку»!
Трэцяя: лісапед, зноўку ў адрозненне ад ровара, вельмі проста рамантаваць. За сваю дзесяцігадовую гісторыю зносінаў з лісапедам (спачатку гэта быў падлеткавы «Арлёнак», потым — самавіты «Аіст», абодва вытворчасці легендарнага «Мотавела» (пра які я чуў, што ён ці то ўжо загнуўся, ці то ў працэсе загібання — якое каралеўства загубілі!!!!)), дык вось, за ўвесь час карыстання я сутыкаўся з адной сур’ёзнай паломкай — «зляцеў цэп». Цэп пачынае злятаць пасля таго, як хаця б адзін раз моцна звезданешся на бок: удары калечаць зорку (у адрозненне ад капітальных сталёвых трубаў, з якіх адлітыя «лісапеды), параўняць яе ў хатніх умовах немагчыма, то танчы цяпер з цэпам да скону! Але гэтая паломка вельмі проста рамантавалася: трэба падслабіць умацаванне (для чаго на любым лісапедзе заўсёды ёсць скураны кашэль з ключом), надзець цэп і крутануць. Усё! Увесь рамонт! Усе праблемы! Так, бывала пачынала «казліць» сядушка, спаўзаючы ўніз, ці слізгаць рогі, але некалькі звіздзюлін, аддадзеных ад душы, ад сэрца, выпраўлялі паломку назаўсёды.
Такім чынам, у выпадку лісапеда мы маем «пепелац», які можна карыстаць у любым стане свядомасці, без усякіх грошай. І які да таго ж абсалютна незабівальны. Любы, хто візітаваў у вёску, ведае дзядоў на канях, вырабленых адначасова з тымі дзядамі. У «Форда» прайшло з паўсотні рэдызайнаў, аўтамабілі перасталі выкарыстоўваць паліва і пачалі зараджацца электрычнасцю, а беларускі лісапед вязе свайго касаватага вершніка ў лес па грыбы, на рыбалку і вяселле, без усялякага дызеля, 20, 30, 40, 50 гадоў.
Ён — спрадвечны спадарожнік вяскоўца. Ён як смерць, як бацькі — заўсёды побач. Лісапедам даюць мянушкі і ніколі не дазваляюць «паруліць». Калі ў дзядзькі ў вазоўні будзе чырвоны «Мінскач» і два ровары — «зімні» і «летні», ён хутчэй дасць табе паганяць на «Мінскачы», чым дазволіць узлезці на ўласны лісапед. Занадта прыватна. Гэта як жонку сваю даць пацалаваць. Як у майткі свае ўзлезці.
Лісапед — інструмент экалагічны не толькі таму, што пасля ягонай зімоўкі пад ім не застаецца чорных плямін алівы, а ягоны выхлап роўны таму спіртавому перагару, які выдыхае з сябе чалавек, што на ім валачэцца. Кінуты ў лесе пасля таго, як гаспадара пахавалі, ён забіраецца прыродай цалкам, бы памерлы лось. Праз год у валежніку знойдзеш толькі парыжэлы шкілет, побач з якім склаўся мурашнік. Праз пяць гадоў не будзе і шкілета: праглынула навакольная хтонь, забрала балота.
У адносінах чалавека і лісапеда ёсць нешта адвечнае. Роўнае адносінам чалавека і вогнішча, чалавека і зямлі, чалавека і сабакі. Мне падабаецца тая моўчадзь, якая разліваецца вакол, калі ты ціснеш на педалі па не рамантаваным з часоў аварыі на ЧАЭС асфальце. Пакуль мы, гарадскія абібокі, выпінаемся адно перад адным у сваіх лакіраваных японскіх, карэйскіх і кітайскіх трунах, людзі сілы з правінцыі моўчкі цягнуцца за палымнеючы далягляд на сваіх скрыгатлівых конях, з якімі абавязкова сустрэнуцца на нябёсах.