Намеснік кіраўніка брэсцкага БРСМ: Ушчэрбныя СМІ называюць «Несмяротны полк» парадам некрафіліі
04.05.2018 / 15:42
Па ўсёй Беларусі спрабуюць правесці акцыю «Несмяротны полк». Мінскія арганізатары просяць не свяціць час і месца ў афіцыйных крыніцах, хаця самі называюць яго ў сацыяльных сетках. У Брэсце арганізацыяй займаецца другі сакратар гарадскога камітэта БРСМ Пятро Піцко.
Пятро Піцко. Фота vk.com.
Ён з’яўляецца адным з чатырох мадэратараў адмысловай суполкі Укантакце, а таксама робіць рэпосты, дзе спрабуе знайсці дужых хлопцаў для «забеспячэння шэсця». Мы спыталіся ў Пятра Піцко, чаму ён удзельнічае ў арганізацыі «Несмяротнага палка».
«Гэта мая персанальная пазіцыя, а не БРСМ. Я не даю ад імя БРСМ ніякіх каментароў. Абодва мае дзяды — Балаеў Петр Іванавіч і Піцко Васілій Рыгоравіч — ваявалі, атрымалі раненні, узнагароды. Я лічу, што маім доўгам з’яўляецца такім чынам ушанаваць іх памяць. Я не бачу ў гэтым нічога ганебнага і кепскага, у тым, што я выйду.
І з пазіцыяй некаторых нашых ушчэрбных выданняў, якія спрабуюць прадставіць народнае волевыяўленне, як «марш мерцвякоў ці некрафілаў», я катэгарычна не згодны. Лічу гэта проста глумленнем», — кажа Піцко.
Мы спыталі, ці не лічыць ён няправільным, што беларуская ўлада, у адрозненне ад расійскай, ніякім чынам не бярэ ўдзел у «Несмяротным палку».
«Я гэтага не ведаю нічога, не сачу. Справа кожнага — удзельнічаць ці не. Гэта добраахвотнае выяўленне кожнага асобна ўзятага чалавека. Калі нехта хоча, то няхай ідзе, калі не хоча, то не ідзе. Я не скажу, што бачу ў шэрагах «Несмяротнага палка» поўную адсутнасць чыноўнікаў», — заявіў Пятро.
Некаторыя мяркуюць, што праз такія прапагандысцкія акцыі, як «Несмяротны полк» праходзіць прапаганда «рускага свету».
«Які рускі свет? Адзін мой дзед мардвін, другі — украінец з Галіччыны. Калі я нясу партрэты іх, я што, залічваю сябе ў шэрагі «рускага свету»? Большага глупства і чуць не даводзілася», — адказаў мужчына.