Рэйтынг трох самых абсурдных выказванняў пра нацыянальную ідэю

склаў філосаф Пётра Рудкоўскі.

22.05.2018 / 10:43

Мой рэйтынг трох самых абсурдных уяўленняў пра нацыянальную ідэю.

ПЕРШАЕ месца: «Нацыянальная ідэя — гэта такая ідэя, якую ўсе заўсёды і ўсюды абмяркоўваюць».

Нам кажуць: «Вы паслухайце, пра што гавораць людзі на прыпынках, у калгасах ды на заводах. Тэма нацыянальнай ідэнтычнасці іх абсалютна не цікавіць». І вось гэта, маўляў, паказнік слабасці (адсутнасці) нацыянальнай ідэі.

Даведка: Ніводзін цвярозы прыхільнік нацыянальнага адраджэння не ставіць сваёй мэтай стварыць сітуацыю, калі на прыпынках і заводах людзі будуць размаўляць пра нацыянальныя каштоўнасці.

ДРУГОЕ месца: «Нацыянальная ідэя — не пра мінулае, а пра будучыню».

Гэта ўсё роўна што сказаць: «Дарога Масква — Брэст павінна весці ўперад, а не назад».

ТРЭЦЯЕ месца: «Многія нацыі не маюць уласнай мовы, але застаюцца пры гэтым нацыямі. Значыць, няма сэнсу ўпарціцца пры беларускай мове».

Многія краіны не маюць уласных лясоў, але застаюцца пры гэтым краінамі. А некаторыя з такіх краін цалкам заможныя, як напрыклад, Катар або Сан-Марына. Значыць, няма сэнсу клапаціцца пра беларускія лясы.

Чытайце таксама: Зісер агучыў варыянт будучыні Беларусі: «Русіфікацыя, ІТ-гігант, асіміляцыя замежнікаў»