«Толькі ў нас усё яшчэ модна хадзіць у салярыі і абгараць». Касметолаг пра тое, як правільна кантактаваць з сонцам
Перад сезонам летніх адпачынкаў мы сустрэліся з касметыкам медыцынскага цэнтра «Ладэ» Любоўю Сакаловай, каб расставіць ўсе кропкі над «і» ў адносінах з сонцам і салярыямі.
25.05.2018 / 19:41
Калі вы яшчэ не ведалі, што салярыі — даўно не модна і не карысна, а наносіць сонцаабаронны крэм варта не толькі каля вады ў купальніку, а і штодзённа (вясной, летам, а некаторым людзям — нават зімой), то чытайце ўважліва.
Любоў Сакалова, касметык медыцынскага цэнтра «Ладэ».
Што адбываецца з нашай скурай падчас загару?
Загар — гэта абаронная рэакцыя арганізма ў адказ на ўльтрафіялетавае выпраменьванне. Пасля ўздзеяння ўльтрафіялета меланацыты (клеткі эпідэрмісу) пачынаюць выпрацоўваць пігмент меланін. Калі казаць пра тыпы скуры, то ў беларусаў яна ў асноўным светлая ці сярэдняя — мы вельмі лёгка згараем.
Загараць правільна — гэта як?
У выпадку з загарам падчас адпачынку самыя камфортныя гадзіны — з 8.00 да 11.00 і пасля 16.00
Дарэчы, мала хто ведае, што самы жорсткі, небяспечны ўльтрафіялет — менавіта вясновы (летам мы хаця б больш-менш разумеем, што трэба карыстацца крэмам). З першым з'яўленнем сонейка мы стараемся падставіць яму твар, папесціцца і атрымаць порцыю вітаміну D, але калі не карыстацца крэмам хаця б з мінімальным SPF-фактарам, можна нажыць праблемы.
У асаблівай групе рызыкі людзі, скура якіх схільная да пігментацыі (вяснушкі, хлаазмы). Іх сонейка можа «дастаць» нават восенню ці зімой (летам жа працэс пігментацыі толькі накопліваецца).
Таму пажадана выкарыстоўваць спецыяльныя крэмы і ў халодны сезон. Дарэчы, прычынамі з’яўлення гіперпігментацыі можа быць не толькі працяглае знаходжанне на сонцы. Прыводзіць да іх могуць і гарманальныя змены, прыём пэўных антыбіётыкаў, касметычныя сродкі, захворванні печані.
Каб перастрахавацца, раю людзям, якія часта знаходзяцца летам і вясной у горадзе, перад выхадам на вуліцу выкарыстоўваць крэм з SPF 25-30. Для мора ці адпачынку за горадам пажадана абарона з SPF 50. Такі крэм экраніруе UVA- (вядуць да пігментацыі) і UVB-прамяні (могуць прывесці да ракавых захворванняў).
Памятайце, што ў любога крэму ёсць тэрмін дзеяння, і нават калі напісана, што ён водаўстойлівы, то ўсё адно часткова змываецца. Таму пасля кожнага выхаду з вады наносьце яго зноў.
Які сонцаабаронны крэм абраць навічку?
Лепш пракансультавацца з касметолагам. Як мінімум, на прыёме ў спецыяліста вы можаце выпрабаваць на сабе прадукт пэўнай прафесійнай лініі. А згодна з вашым тыпам скуры прафесіянал падбярэ тое, што найбольш ёй пасуе.
Калі не атрымаецца прыйсці да касметолага, то я раю набываць такую касметыку хаця б у аптэках — там яна дакладна будзе не падробленай, з сертыфікатамі, а фармацэўт пракансультуе вас лепш, чым прадавец у краме з мас-маркетам.
Калі я карыстаюся дэкаратыўнай касметыкай, як спалучаць яе з крэмам SPF?
Сярод сённяшніх прадуктаў можна абраць SPF-крэмы, якія могуць дадаткова служыць і для догляду: з эфектам увільгатнення ці вітамінамі. І калі раней іх структура пры высокім SPF стварала на твары эфект маскі, то цяпер ёсць шмат варыянтаў, якія выглядаюць натуральна.
Акрамя таго, у склад шматлікай дэкаратыўнай касметыкі фільтры ўключаныя самі па сабе: некаторыя танальныя крэмы і пудры змяшчаюць 25 SPF. Але калі вы карыстаецеся касметыкай на моры, то праз гадзіны дзве-тры яе лепш змыць, а пасля нанесці новую порцыю.
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца odnadama.ru.
Ці можна загараць топлес?
З дзяцінства нас вучаць, што пэўныя ўчасткі цела падчас загару лепш закрываць. Але калі ўсё ж дзяўчына вырашыла загараць без верхняй часткі купальніка, то абавязковае нанясенне крэму з высокім SPF. Саскі ж трэба закрываць хаця б налепачкамі.
Дадамо, што перш чым вырашыцца на такую актыўную інсаляцыю, трэба абследавацца ў дактароў. Бо з местапатыяй, пры любых падазрэннях на гінекалагічныя і скураныя захворванні загараць такім чынам забаронена. Пацыентам, якія маюць буйныя радзімкі, лепш перад сонечнымі ваннамі іх заклейваць ці ўвогуле не рызыкаваць: дабраякасныя ўтварэнні могуць хутка пераўтварыцца ў злаякасныя.
Што рабіць з вуснамі?
З вуснамі летам адбываецца тое самае, што і зімой: яны перасушваюцца. Толькі калі зімой у гэтым вінаваты мароз і авітаміноз, то летам — ультрафіялет. Выкарыстоўвайце спецыяльныя гігіенічныя памады, якія таксама ўтрымліваюць SPF. Дадаткова скажу, што трэба абараняць і валасы: існуе шмат добрых спрэяў з SPF-фактарамі. З іх дапамогай вы, па-першае, захаваеце свой колер валасоў. Па-другое — вільготнасць. Галаўны ўбор пры гэтым ніхто не адмяняў.
Загарэлы — значыць здаровы? Далёка не заўсёды
Чамусьці ў нашым менталітэце да гэтага закладзена: вярнуўся з мора не загарэлы — значыць, не адпачываў. Нават мне, ведаючы пра маю спецыяльнасць, знаёмыя ці пацыенты могуць задаваць пытанне: «Чаму вы вярнуліся белай?».
А я ведаю, што не буду гвалтаваць сваё цела і наўмысна наносіць яму шкоду. Загараць здарова можна і ў ценю. А калі скура белая, то як ні круці, пры працяглым знаходжанні на сонцы вы пачырванееце і атрымаеце апёкі.
Назапашванне ў целе ўздзеяння прамянёў можа не адчувацца адразу, але адгукнецца пазней: карычневымі плямамі і пастарэлым тварам з маршчынамі (ёсць такое паняцце як фотастарэнне — вы можаце рабіць карысныя працэдуры і маскі, а пасля адным махам перакрэсліць іх эфект бяздумным знаходжаннем на сонцы).
Калі пацыенты прыходзяць да мяне на прыём з апёкамі і вялікімі пігментнымі плямамі, яны ўжо гатовыя хадзіць у скафандрах, каб толькі гэта не паўтарылася.
Але тут ужо прыходзіцца выпраўляць наступствы: выкарыстоўваць лазерныя пілінгі. І на жаль, працэдура пры моцных пашкоджаннях скуры не заўсёды дае стоадсоткавы вынік.
Магу я папоўніць запасы вітаміну D лекамі і з дапамогай салярыя?
Перад тым, як пачынаць піць любы вітамін, трэба пракансультавацца з доктарам. Здаць аналізы і ўбачыць, чаго сапраўды не хапае вашаму арганізму. Бескантрольна піць вітаміны, як і любыя іншыя медыцынскія прэпараты, нельга.
Што тычыцца салярыяў, то касметолагі супраць.
Ва ўсім свеце ад іх адмаўляюцца, і толькі ў нас моцна замацавалася любоў да іх. Калі вельмі хочацца быць загарэлым на нейкую падзею, выкарыстоўвайце аўтазагар. А калі ідзяце на рызыку з салярыям, хаця б не забывайцеся ўжываць спецыяльную лінейку крэмаў для знаходжання там, на саскі — налепкі, на галаву — шапачку.
Падчас лактацыі, цяжарнасці, людзям з вялікай колькасць радзімак наведваць салярыі нельга ні ў якім разе.
Калі ўсё ж абгарэў, што рабіць?
Нашы бабулі і дзядулі ў такіх выпадках любілі даставаць з халадзільніка халодныя смятану і кефір. Сёння мы не рэкамендуем пацыентам звяртацца да кісла-малочныя прадуктаў: усё ж скура пашкоджаная, ёсць уваходныя вароты для інфекцыі (асабліва калі прадукты не першай свежасці).
Калі трэба хутка зняць эфект гарэння, вазьміце лёд ці прыміце халодную ванну, душ. А пасля бяжыце ў аптэку па пантэнол.