Кшыштаф Занусі пра Курапаты: Беларусь пагадзілася на варварства
20.06.2018 / 12:05
Польскі рэжысэр, сцэнарыст, філёзаф і пісьменьнік Кшыштаф Занусі для Радыё Свабода выказаўся наконт рэстарану каля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
— Спадар Занусі, як вы ацэньваеце існаваньне такога рэстарану побач зь месцам расстрэлаў дзясяткаў тысяч людзей? Ці варта супраць такога пратэставаць?
— Гэта вельмі прынцыповая справа. Разьвіцьцё чалавецтва пачалося ад таго моманту, калі людзі пачалі хаваць памерлых. Жывёлы мёртвых не хаваюць. Прымітыўны чалавек пачаў быць чалавекам пасьля таго, як пачаў адчуваць сувязь з тым, што мінула. Адносіны да гэтага месца — гэта паказьнік культуры краіны і народу. Мне вельмі сумна, што ў цэнтры Эўропы разуменьне гэтага важнага пытаньня такое слабое. Я веру, што просты чалавек у Беларусі разумее, што нельга таптацца па могілках і будаваць там рэстаран. Гэта нягодны ўчынак. Мне вельмі прыкра, што знайшліся людзі, якія ў такім месцы хочуць зарабляць грошы. Гэта доказ нізкага ўзроўню культуры і вельмі кепска паказвае Беларусь у сьвеце. Думаю, што ўлады Беларусі задумаюцца, ці добрай ідэяй было даць згоду на такую ўстанову.
— Ці ўяўляеце вы, каб нешта такое адбылося ў Польшчы? І якая была б рэакцыя польскага грамадзтва?
— У Польшчы такое ўявіць немагчыма. Палякі вельмі прывязаныя да месцаў памяці. Барбарства здараецца паўсюль, але важная рэакцыя на яго. Я веру, што годная рэакцыя будзе і ў Беларусі.
— Чыноўнікі, супрацоўнікі і прыхільнікі рэстарану кажуць: так, тут побач Курапаты, але шмат дзе ў краіне пахаваныя людзі, а жыцьцё ўсё ж працягваецца і, маўляў, давайце думаць пра жывых.
— Жывыя людзі, якія вяртаюцца ў часы барбарства, — гэта кепская ідэя. Думаючы пра жывых, яны дэградуюць і цягнуць за сабою беларускае грамадзтва. Гэта вельмі прыкра, бо і для жывых людзей у Беларусі дастаткова месца для рэстарану. Я быў ня раз у Курапатах. Да іх і так ужо прыклееная аўтастрада. Гэта проста адсутнасьць далікатнасьці ў важных пытаньнях.
— Вы кажаце, што былі ў Курапатах. Што вы адчувалі ў гэтым месцы? З аднаго боку — гэта месца вялізарнай трагедыі, а зь іншага — проста непатрэбны дзяржаве галаўны боль, ад якога яна ня можа пазбавіцца гадамі.
— Я адчуваў там вялікі сум, як і ў многіх іншых забытых месцах чалавечых пакут. Усё гэта адбылося так нядаўна. І гэтая кароткая памяць — гэта кепскі знак пра жыхароў Менску. Хачу верыць, што шмат хто мае ўсё ж пачуцьцё, што спакой гэтага месца парушаны. Гэтае барбарства — кепскі знак на будучыню. Шкада, што многія гэтага не разумеюць. Непавага да памерлых адгукнецца ў будучыні. Дзеці і ўнукі потым будуць гэтага саромецца.
— У Беларусі кажуць, што мёртвым не баліць. Але і жывым ня вельмі баліць, бо бараніць Курапаты прыходзіць жменька людзей.
— Мёртвым можа не балець. Але чалавецтва пачалося ад культуры. А мы назіраем у Курапатах адварот ад культуры. І на гэта балюча глядзець. Беларусь пагадзілася на барбарства. Пра такое нават дыскусіі быць не павінна, бо гэта відавочныя рэчы.
— Вы ў адным інтэрвію сказалі, што «на хлусьні можна пабудаваць толькі прапаганду, якая хутка міне, бо сапраўдныя толькі праўда, прыгажосьць і дабро». Чаму з Курапатамі тады ваююць 80 гадоў і гэта ніяк ня скончыцца?
— Праўда адна: сыстэма, пабудаваная на хлусьні, можа жыць, але яе лёс відавочны. Адна такая сыстэма ўжо рассыпалася 30 гадоў таму. І гэта якраз пацьвярджае, што на хлусьні доўга нічога не існуе. І гэта паўторыцца таксама ў выпадку з Курапатамі.
* * *
Кшыштаф Занусі (нар. 17 чэрвеня 1939 году ў Варшаве) — польскі кінарэжысэр, сцэнарыст, пісьменьнік. Ляўрэат нацыянальных прэміяў Польшчы, Італіі, Францыі і Ўкраіны. Ганаровы прафэсар Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.