«Хачу стаць настаўнікам, а пасля пайсці ў палітыку»: хлопец з Пружанаў набраў 100 балаў на ЦТ па беларускай мове
26.06.2018 / 14:16
Абітурыенты беларускіх ВНУ, якія здавалі цэнтралізаванае тэставанне, атрымалі вынікі сваіх першых іспытаў.
На тэставанні па беларускай мове на максімальную колькасць балаў набраў 21 чалавек.
Адзін з іх — хлопец з Пружан Паўлюк Зялевіч, які сёлета скончыў мясцовую школу №4 з атэстатам 9,1.
Хлопец кажа, што вырашыў здаваць беларускую мову ўсвядомлена.
«Я беларус і мушу ведаць мову, — кажа ён. — Нават калі б я не набраў 100 балаў, то што з таго? Усё адно трэба ўдасканальваць веды. Я гэтым апошні год займаўся, вельмі за год вырас».
Паўлюк кажа, што гаворыць па-беларуску яшчэ класа з чацьвёртага, калі на сабе зразумеў, што такое самасвядомасць.
«Але шмат аднакласнікаў здавала рускую мову, з чым гэта звязаць, я не ведаю. Большасць жа прыйшла з вясковых школ, вучыліся там па-беларуску, а пайшлі рускую здаваць», — дзівіцца хлопец.
Паступаць ён будзе ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт на настаўніка гісторыі.
Мы пацікавіліся, ці не палохаюць хлопца невялікія заробкі.
«У мяне туды ўвогуле аўтаматычнае паступленне як у медаліста абласной алімпіяды па гісторыі. А ЦТ здаваў на ўсялякі выпадак, каб дакладна прайсці. Зрэшты, я некалі ўвогуле не думаў, што буду ва ўніверсітэт паступаць — думаў, што пасля школы ў войска пайду, а потым — рабіць. Але вучыцца пачаў недзе класа з дзявятага, на алімпіяды пайшоў, зразумеў, што гэта трэба.
Я ўвогуле хацеў бы некалі пайсці ў палітыку. А работа настаўнікам — гэта высакародна, і яшчэ можна навучыцца працаваць з аўдыторыяй, навучыцца гаварыць. Калі пайду ў палітыку, то гэта будзе плюс», — тлумачыць хлопец.
Якія хібы школьнай адукацыі Паўлюк можа назваць?
«Перадусім трэба сказаць пра выпускныя экзамены, — лічыць ён. — Бо ёсць ЦТ. А тут яшчэ нейкія экзамены здаваць, лішні раз мазгі парыць сабе. Таксама мне здаецца, што пяцібальная сістэма лепшая: калі добра ведаеш — «5», кепска — «2». Усё празрыста. Што значыць адзнака «7», напрыклад, я не разумею».
«А што тычыць беларускай мовы, то трэба, каб камунікатыўным здольнасцям вучылі на ўроках, а не разборам сказаў.
«Вызначце від даданай часткі», — што гэта такое? Якое практычнае значэнне гэтых ведаў? Навучылі б размаўляць, дзе што казаць трэба, у якіх сітуацыях, калі да цябе звяртаюцца і гэтак далей. То школьнікі, бывае, элементарнага не ведаюць.
А па літаратуры такія нудныя творы бываюць… Абіралі б самае цікавае. Некалі, памятаю, давалі на лета чытаць «У краіне райскай птушкі», «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра. Вось там цікава было, але па праграме мы гэтых твораў не праходзілі. Ці тое ж «Дзікае паляванне караля Стаха». І Быкаў… Быкава маглі б цікавейшыя творы ў праграму ўставіць, а тое — адна нуда ў праграме. Як тут тую літаратуру палюбіш?» — падсумоўвае хлопец.
Мама Паўлюка — карэспандэнтка раённай газеты, бацька — дырэктар музея.