Губернатар Карэліі выдзеліў апальнаму ў Беларусі бізнэсмену Каўрыгіну надзел для вочнай клінікі
04.07.2018 / 11:33
Як піша TUT.BY, заснавальнік сеткі вочных клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін атрымаў у Петразаводску зямельны ўчастак для будаўніцтва кругласутачнага стацыянара. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка Карэліі Артура Парфенчыкава.
Каўрыгін стаў рэалізоўваць праект «Афтальмалагічны цэнтр Карэліі» некалькі гадоў таму. У 2016 годзе структуры бізнэсмена набылі на таргах двухпавярховы будынак на набярэжнай Варкауса ў Петразаводску, дзе раней размяшчаўся філіял федэральнай дзяржустановы «Мікрахірургіі вока» імя акадэміка С.М. Фёдарава. Зараз там завяршаецца рэканструкцыя. У клініцы працуе 74 чалавекі (з іх 17 — дактары).
У рамках трэцяга этапу на базе афтальмалагічнага цэнтра плануецца адкрыццё кругласутачнага стацыянара для аказання афтальмахірургічнайй дапамогі дарослым і дзецям. Днямі кіраўнік Карэліі Артур Парфенчыкаў падпісаў распараджэнне аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва дадзенага аб'екта. Увод у эксплуатацыю плануецца ў 2021 годзе. Агульная сума інвестыцый у праект ацэньваецца ў 600 млн расійскіх рублёў.
З 2012 года Алег Каўрыгін пражывае ў Вільні, куды пераехаў з Мінска праз пераслед беларускіх сілавікоў. Тым часам сетка клінік «Новы зрок» у Беларусі развіваецца. Зараз ідзе рэканструкцыя цэнтра ў Мінску і плануецца стварэнне клінікі ў Гомелі. Гэта адзіны абласны цэнтр у Беларусі, які яшчэ не ахоплены Каўрыгіным.