Улады паставілі кропку ў моўным канфлікце ідэолага Замяталіна і касіркі «Еўраопта». З вельмі прыгожай фармулёўкай
06.07.2018 / 10:04
Мінгарвыканкам даў афіцыйны адказ наконт моўнага канфлікту паміж былым галоўным ідэолагам Беларусі Уладзімірам Замяталіным і касіркай крамы «Еўраопт».
Нагадаем у двух словах, што стала прычынай скандалу. Замяталін абурыўся тым, што ў краме «Еўраопт» на праспекце Пераможцаў касірка звярнулася да яго па-беларуску. Па сведчаннях відавочцаў, ён крычаў нешта накшталт «ды не хачу я гаварыць на вашай долбанай мове!» Але сам ідэолаг сцвярджаў, што не казаў такіх словаў.
Юрыст Ігар Случак накіраваў зварот уладам з просьбай разабрацца ў сітуацыі, ці не абразіў колішні ідэолаг беларускую мову?
Заяву ў выніку перакінулі ў Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Прааналізаваўшы матэрыялы «Нашай Нівы», першы намеснік старшыні Віталь Прыгодзіч выказаўся наступным чынам:
«Грамадзянінам Замяталіным было бесперашкодна рэалізавана яго канстытуцыйнае і законнае права зносін на рускай мове. Супрацоўнікамі крамы таксама было рэалізавана іх права на абслугоўванне кліента на беларускай мове».
«Прыкметы дыскрымінацыі на моўнай глебе, знявагі ці ганьбавання беларускай мовы адсутнічаюць», — падсумаваў Віталь Прыгодзіч.