Аддзел маркетынгу БелТА: Платны доступ? У нас няма прэйскуранта

07.08.2018 / 11:56

Ад раніцы 7 жніўня праходзяць ператрусы ў рэдакцыях ТУТ.бай і БелаПАН, затрыманы шэраг рэдактараў. Іх вінавацяць у несанкцыянаваным доступе да інфармацыйнай стужкі дзяржаўнага агенцтва БелТА.

У размове з «Нашай Нівай» дырэктар БелТА Ірына Акуловіч сказала, што не можа назваць памер шкоды. 

Чытайце: Дырэктарка БелТА патлумачыла, навошта напісала заяву, з якой закруцілася крымінальная справа супраць TUT.by і «БелаПАНа» 

Ірына Акуловіч, кіраўнік БЕЛТА з красавіка 2018

Мы паспрабавалі падлічыць самі — пазванілі ў аддзел маркетынгу БелТА, каб даведацца цэны на падпіску. 

Там ёсць некалькі опцый: інфармацыйная стужка, «Каляндар дат і падзей», «Анонсы — падзеі тыдня», «Анонсы — падзеі дня». 

Прыводзім стэнаграму размовы са спецыялістам аддзелу для поўнага разумення: 

НН: Такое пытанне: колькі каштуе падпіска на вашую інфармацыйную стужку? 

Маркетынг БелТА: Вы раённая газета? 

НН: Рэспубліканская. 

Маркетынг БЕЛТА: Рэспубліканская… Адну секунду. Наклад які ў вас? 

НН: Мы скасавалі папяровую версію, існуем у выглядзе партала. 

Маркетынг БелТА: Стужка будзе размяшчацца на сайце?

НН: Так. 

Маркетынг БЕЛТА: Та-а-ак(0:46 сек размовы).

*****

НН: Можа, вы нам на факс прэйскурант дашляце, каб не чакаць? (1:25 сек размовы)

Маркетынг БелТА: Не, у нас няма прэйскуранта. Я вам цану агучу, так (1:32 сек размовы). З магчымасцю размяшчэння на сайце да 300 паведамленняў у месяц — зніжка 43%. 

НН: У гонар чаго зніжка? 

Маркетынг БелТА: З улікам таго, што мы абмяжоўваем… Да 300 паведамленняў — 43% зніжка. Атрымліваецца з ПДВ 418 рублёў 61 капейка. 

НН: Як зніжка дзейнічае? Калі мы падключымся, то вы зможаце потым скасаваць яе? 

Маркетынг БЕЛТА: Вы атрымліваеце доступ — лагін і пароль для сайта для падпісантаў, вы можаце усёй гэтай інфармацыяй карыстацца. Умоўна, 10 на дзень ці 20, але не больш за 300 на месяц. Калі ад 300 да 600 — то 550 рублёў 80 капеек. Поўную, стапрацэнтную стужку мы не даём. 

НН: У вас ёсць яшчэ анонсы, календары. Колькі гэта каштуе? 

Маркетынг БелТА: Каляндар дат і падзей — 66 рублёў на месяц, анонсы дня і тыдня — кожны па 27 рублёў 36 капеек на месяц. 

НН: Я ўдакладню пытанне пра зніжку. Які механізм зніжкі? Вы можаце яе адключыць? 

Маркетынг БелТА: Перыядычна нашы правяраюць, па-першае, спасылку на БелТА пры кожным размяшчэнні інфармацыі. Мы падключаемся да вашага сайта, запускаем праверку, колькасць спасылак і аўтэнтычнасць інфармацыі правяраем. Мы не адключаем падпісантаў, але калі вы перайшлі ліміт, то там санкцыі паводле дамовы.

НН: Я кажу пра зніжку. 

Маркетынг БелТА: І я кажу пра зніжку. Вы размяшчаеце 300 паведамленняў, і на гэтым спыняемся. Мы прапісваем у дамове, і вы мусіце адпавядаць, проста нашая тэхнічная служба правярае. Доступ да сайта мы не адключаем. 

НН: Калі мы не будзем перабольшваць, то вы не адключыце? 

Маркетынг БелТА: Не, мы пакідаем. 

НН: Без зніжкі каму вы даяце? 

Маркетынг БЕЛТА: Без зніжкі для газет… Без зніжкі працуюць інфармацыйныя агенцтвы і тэлерадыёкампаніі.

АЯ