Стваральніца беларускай студыі абутку-люкс: У беларусаў свой тып ступні, нам не падыходзіць замежны абутак ФОТЫ
Для поспеху бізнэсу трэба добры план, вывучэнне канкурэнтаў, правільны лідар, ну і добрая сувязь са светам. Разам з тарыфным планам «Камфорт+ для бізнэсу» ад velcom мы вырашылі паглядзець, як уладкаваная кухня паспяховых беларускіх бізнэсаў.
27.08.2018 / 18:43
Сёння знаёмім вас са справай, што бярэ пачатак ад 1995 года: адной з найбуйнейшых у СНД студыяй па пашыве абутку Sutoria, у якім ходзяць не толькі беларусы, але і героі фільмаў «Стылягі» і «Брэсцкая крэпасць».
На чале любога прыбытковага бізнэсу стаіць асоба. У выпадку Studio Sutoria гэта Марына Шаліма.
«На момант запуску прадпрыемства ў мяне было толькі 5 сваіх даляраў»
Пасля вучобы ў тэхналагічным інстытуце Марыну размеркавалі ў Мінск у вытворчае аб’яднанне «Праца». Сёння гэта вядомая сетка майстэрняў па рамонце адзення і абутку. Але пасля вяртання з дэкрэту месца ёй там не знайшлося. Застацца з дачкой і без працы было так сабе сітуацыяй.
У інстытуце Марыну навучылі рабіць добры абутак прэміум-класа па італьянскай методыцы мадэлявання, у той час такі не шыў ніхто. Яна зразумела, што можа заняць свабодную нішу на рынку. Заставалася «зусім нічога»: знайсці на мару грошы.
«Я не памятаю, да колькіх людзей падышла з просьбай пазычыць грошы. Расказвала ім пра нейкія касмічныя караблі. Большасць слухала і адмаўляла. Сваіх грошай у мяне было даляраў 5 — дэкрэтныя за тры месяцы».
У выніку Марыне ўдалося пазычыць 300 даляраў і дамовіцца на выкарыстанне старога абсталявання на такую ж суму з адтэрміноўкай плацяжу. Яе майстэрня пачалася з 605 даляраў.
Сёння для старту падобнага праекта спатрэбілася б каля 100 тысяч еўра, ацэньвае яна.
Спачатку ў майстэрні рамантавалі стары абутак і шылі 200—300 новых пар у месяц. Іх сталі разбіраць імгненна. Асноўнымі кліенткамі былі жонкі бізнэсмэнаў і чыноўнікаў. Sutoria ўдалося намацаць сваю аўдыторыю і зрабіць аб’ектам цікаўнасці прадукт, якога раней на рынку не было.
Сёння майстэрня выпускае менш пар абутку (каля 70-120 на месяц), абраўшы галоўным арыенцірам якасць.
«Я хацела стварыць ідэальныя для беларусак лодачкі»
На вытворчасці Sutoria цяпер працуе 21 чалавек. Крамы з унікальным абуткам месцяцца ў Мінску ў гандлёвых цэнтрах «Замак» і «Дана Мол».
Дызайн кожнай пары распрацоўвае сама Марына, пасля абуткам займаюцца мадэльер, раскройшчык, загатоўшчык (працуе з верхняй часткай мадэлі) і абутнік. На любую з пар патрэбна 43 камплектуючых, пры гэтым толькі адна партыя скуры абыходзіцца ў 22 тысячы еўра. Амаль усе матэрыялы прывозяцца з Італіі. Выключэнне — клей, які набываюць у Беларусі, і некаторыя дробныя дэталі, якія прасцей замовіць праз мясцовых ці польскіх пасрэднікаў.
У 2014 годзе студыя зрабіла cтаўку на лодачкі — Марына ўбачыла, што камфортных і адначасова прыгожых туфляў, якія не хацелася б зняць пры першай магчымасці і больш ніколі не даставаць з шафы, у Беларусі амаль няма.
«Славянам не пасуе ні італьянскі абутак, ні французскія лабутэны. Яны ствараліся зусім не пад наш тып ступні. Нашы ногі карацейшыя, шырэйшыя каля пальцаў і ў пятцы, у нас высокі пад’ём — такіх фізіялагічных асаблівасцяў шмат у любой нацыі. Менавіта таму беларускам некамфортна хадзіць у лабутэнах — нібыта на дыбачках. Яны ахвяруюць здароўем ног у імя прыгажосці», — заўважае Марына.
Каб стварыць ідэальную лодачку, Sutoria выдаткавала грошы на перапрацоўку калодак у Італіі адмыслова пад тып ступні беларускіх дзяўчат.
Праз тое, што абутковы бізнэс хавае ў сабе безліч такіх вось нюансаў, канкурэнтаў у Беларусі студыя амаль не мае. Сваю справу па пашыве адкрываюць былыя вучаніцы Марыны, але выйсці за межы рамесніцтва ім вельмі цяжка. Марына ўпэўненая: многім бізнэсоўцам не хапае банальных ведаў.
«Людзі скардзяцца, што ў нас кепскія ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва, але я не згодная: яны ва ўсіх краінах свету не ідэальныя.
Проста трэба ведаць законы. Як дачка юрысткі, я з 1990-х гадоў падшываю кожны рахунак, таму ў мяне ніколі не было праблем з падатковымі службамі. Калі ж я кансультую жанчын-прадпрымальніц пры Беларускім саюзе жанчын, то проста дзіўлюся непісьменнасці. Яны аддаюць грошы на трэнінгі, дзе вучаць быць лідарам, нейкім маркетынгавым рэчам, але ў выніку не ведаюць элементарных, аднак сапраўды важных момантаў: як стварыць прадукт, якія дакументы мусяць быць пры найме персаналу, як разлічыць пункт бясстратнасці прадукту», — адзначае бізнэсоўка.
Але ў кансультаванні жанчын-прадпрымальніц Марына бачыць асаблівую каштоўнасць:
«Мне здаецца, што жаночы бізнэс — ён глыбейшы, ён пра сэнс, а не толькі пра дасягненне мэтаў».
Думала, што будзе юрысткай, як і маці
Марына Шаліма — дачка афіцэра, яму даводзілася шмат ездзіць па ўсім Саюзе. Калі нарадзілася Марына, сям'я жыла ў паўночным расійскім горадзе Нар’ян-Мар, што стаіць на беразе Пячоры. Дзяўчына думала, што стане юрысткай, як і маці, але на момант сканчэння школы, стаміўшыся ад бясконцых пераездаў таты-вайскоўца, вырашыла, што нікуды больш не паедзе. Месцам службы бацькі ў той час быў Хмяльніцкі ва Украіне, на юрыстаў там не вучылі. Выбар адукацыйных устаноў для мясцовых выпускнікоў абмяжоўваўся артылерыйскім вучылішчам і тэхналагічным інстытутам бытавога абслугоўвання.
«Казаць пра нейкую моду тады не даводзілася: усе хадзілі ў адным і тым жа. Яркія і прыгожыя туфлі ў мяне з’явіліся толькі ў студэнцкія часы. Цудоўна памятаю любімыя сінія і ружовыя пары ад чэхаславацкага брэнда «Цэба» — адзіная фірма, якую можна было дастаць у нашых крамах, — распавядае Марына. — Я скончыла мастацкую школу, яшчэ ў часы навучання зразумела, што мне падабаюцца прамыя лініі. Гэта тое, што ёсць у абутку. Таму калі праглядзела спецыяльнасці ў Хмяльніцкім, вырашыла спыніцца на «Тэхналогіях і канструяванні вырабаў са скуры». Падумала, што хоць з абуткам буду».
«Самае складанае ў Беларусі — падабраць добрыя кадры»
На першае месца ў дасягненні поспеху Марына ставіць людзей: які б добры ні быў прадукт, калі не будзе людзей, якія змогуць яго прадаць, — усё дарма.
«Самая вялікая бяда ў нас з прадаўцамі. Усе чамусьці лічаць, што могуць працаваць прадаўцамі, што гэта не прафесія. Чаму яны вырашаюць, што здольныя прадаваць абутак класу люкс, я не ведаю», — дзеліцца стваральніца студыі.
Марына скардзіцца, што знайсці супрацоўнікаў з густам, якія ставіліся б да кліентаў як да сяброў, складана.
«Людзі з адсутнасцю густу і людзі, якія ненавідзяць іншых, таму што ў іх саміх нешта не зраслося, — гэта наш біч. Некаторыя беларусы нават сёння набываюць на рынках самае таннае, што ёсць у Кітаі. Шык для іх — стразы, брыльянты, пер’е і карункі. Калі ты бярэш такіх дзяўчат да сябе ў краму, яны не разумеюць, чаму звычайныя туфлі, без упрыгожанняў, каштуюць ад 200 даляраў і больш», — праз гэта Марыне ці яе дачцэ неаднаразова даводзілася самім сядаць за «прылавак».
Марына прызнаецца, што не раз губляла вялікія грошы, але для яе гэта не галоўная драма:
«Здарыўся эканамічны крызіс — і я згубіла кватэру, да якой тады ішла. Але я ўсё адно працягнула ісці далей. Лідар павінен лёгка аднаўляцца і не ўпадаць у дэпрэсію, інакш як можна весці за сабой людзей? На мой погляд, лідар — гэта той, у каго дэпрэсіі няма ніколі. Ты сам сабе і псіхолаг, і коўч, і зампаліт».
«Спачуваю калегам, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах»
Каб выжываць сёння, аднаго сарафаннага радыё недастаткова. Брэнд прысутнічае ва ўсіх сацыяльных сетках, мае свой сайт. Падтрымлівае любыя прапановы, якія не разыходзяцца з уласнай філасофіяй: дае абутак для модных паказаў, фотасесій, рэкламы, актыўна працуе з кінастудыямі і тэатрамі.
Марына Шаліма ўжо шмат гадоў, з моманту, як у яе з’явіўся мабільны тэлефон, будуе ўсю камунікацыю праз velcom. Сучасныя тарыфныя планы «Камфорт+ для бізнэсу» даюць любому беларускаму прадпрымальніку з горада ці вёскі магчымасць безлімітных званкоў калегам і партнёрам і інтэрнэт за капейкі.
Унікальнасць студыі Марыны ў тым, што тут могуць стварыць абутак з любой мары і пад любую нагу. У гэтым студыя вольная і спачувае дзяржпрадпрыемствам, якім складаней эксперыментаваць.
«Вы ўявіце, як няпроста адначасова зрабіць натуральна, сучасна і каб усім падабалася. Але нашы абутковыя фабрыкі нейкім чынам яшчэ існуюць. Пры гэтым іх усё адно крытыкуюць, — разважае Марына. —
Беларускі абутак цяжкі не таму, што вытворцам так хочацца, а таму, што ў нас вельмі жорсткія дзяржстандарты: 2 гады гарантыі, якія трэба вытрымаць з нашым надвор’ем і штодзённым рэжымам нашэння. А чорны ён таму, што нейтральныя колеры найлепш прадаюцца.
Тое самае і з цэнамі: сабекошт у нас фарміруецца яшчэ па савецкіх схемах — больш за 30 працэнтаў прыбытку закладаць ніхто не мае права, у той час як вялікія сусветныя брэнды адразу памнажаюць яго на 4. Калекцыі акупляюцца ў першыя ж дні, таму далей на іх можна рабіць хоць 90-адсоткавыя зніжкі».
Што тычыцца планаў студыі, то тут — толькі рост, інакш яны вымушаныя будуць закрыцца.
«Будзем пашыраць калектыў. Плануем адкрыць у Мінску яшчэ адну краму. Акрамя гэтага, хутка напоўніцу запрацуе шоу-рум у Маскве. Мая ж мара — мець краму ў Рызе, я вельмі люблю гэты горад. А там можна разглядаць і іншыя краіны».
Абутак Sutoria ў фільмах
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы velcom.
Пра адмысловыя тарыфныя планы «Камфорт+ для бізнэсу» вы можаце даведацца тут.