Як Віктар Лукашэнка купляў вышыванкі і прыглядаўся да вокладак з Пагоняй
11.09.2018 / 18:46
Уласнік крамы нацыянальнага адзення «Мой модны кут» Валеры Есіпёнак расказаў «Нашай Ніве», што на фестывалі «Славянскі базар» ў ліпені ў Віцебску ягоную кропку наведаў памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка.
Віктар Лукашэнка. Фота Сяргея Гудзіліна.
Ён быў разам з ахоўнікамі. «Падышоў, проста на месцы прымерыў і набыў чатыры вышыванкі. Яны ў мяне праходзяць як блакітныя каўнеркі з вышыўкай.
Ніякі ён быў не ганарлівы. Казаў, маўляў, добра, што вышыванкі папулярныя. Яшчэ нешта па дробязі набыў, але я ўжо не помню што. Яшчэ сказаў, што нашай палаткі не ставала на свяце ў Александрыі», — расказвае Валерый Есіпёнак.
Таксама Віктар Лукашэнка прыглядаўся да вокладак з Пагоняй, але іх не набываў.
Так выглядае вышыванка, якую набыў Віктар Лукашэнка.
Пры гэтым Валерый Есіпёнак расказаў, што займеў праблемы на Свяце горада ў Мінску. Увечары 8 верасня арганізатары мерапрыемства падышлі да яго і настаялі, каб на наступны дзень палатка з бел-чырвона-белай атрыбутыкай не працавала, бо пайшла «вялікая пагалоска».
Віктар Лукашэнка — старэйшы сын кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.