Восы напалі на дзяцей у жылым раёне Слуцка
17.09.2018 / 11:56
Восы пакусалі дзяцей у жылым раёне Слуцка. Здарэнне адбылося ўвечары 16 верасня каля дома № 60 па вуліцы 14 Партызан у Слуцку
Як распавялі сайту SlutskGorod відавочцы, у двары дома дзеці гулялі з мячом, і ў нейкі момант мяч зваліўся ў драўляны калодзеж. Калі дзеці паспрабавалі дастаць мяч, іх атакаваў рой восаў.
— У калодзежы быў пень ад старога вялікага дрэва. Напэўна, восы пасяліліся на ім, - выказала здагадку мясцовая жыхарка.
Са слоў відавочцаў, восы пакусалі як дзяцей, так і людзей, якія проста праходзілі міма. Адзін мужчына пачаў аказваць дапамогу - даставаў насякомых з валасоў маленькіх дзяўчынак.
- Прыехала хуткая. Рабілі ўколы. Нейкая жанчына нават страціла прытомнасць. Усіх забралі і павезлі ў бальніцу. МНС прыехала: нішчаць гэты пень, паліваюць бензінам і спальваюць, - паведаміла мясцовая жыхарка.
Пакуль афіцыйных каментароў няма.
Нагадаем, на мінулым тыдні пасля ўкусаў вос у вёсцы Мялешкі Слуцкага раёна памерла 63-гадовая пенсіянерка.