Набывае папулярнасць новы бізнэс: дамоў прывозяць наборы прадуктаў і рэцэпты шыкоўных вячэр ФОТЫ
Тыдзень у Rebox пачынаецца ў чацвер: прыняць замовы, падрыхтаваць прадукты, расфасаваць, прывезці-адвезці, 1000 разоў усё пераправерыць, каб у нядзелю і панядзелак кур’еры даставілі запаветныя скрынкі па адрасах. Разам з тарыфным планам «Камфорт+ для бізнэсу» ад velcom (чаму варта падключыцца, глядзіце тут) мы высвятлялі, ці ёсць у Беларусі попыт на гэты сэрвіс і ўвогуле — як усё працуе.
08.10.2018 / 12:15
Rebox — праект кампаніі «Рэстарацыя», які прапануе наборы прадуктаў з фотарэцэптамі, па якіх любы можа самастойна прыгатаваць хатнюю вячэру як у рэстарацыі.
Прадугледжаныя як звычайныя вячэры, так і святочныя, рамантычныя, на вялікую кампанію, ёсць і адмысловае барбекю-меню. Стандартныя наборы прадуктаў Rebox разлічаны на 3 і 5 вячэраў для дваіх. Пакеты з фасаванымі інгрэдыентамі могуць захоўвацца ў халадзільніку цягам тыдня.
Чаму Rebox?
Варыянтаў тлумачэння назвы шмат, распавядае кіраўнік праекта Rebox Віталь Анашкевіч. Самы першы і самы лагічны — ад слова «рэстарацыя». Існуе і іншая расшыфроўка — «скрыня з рэцэптам».
«У пачатку слова Rebox ёсць прыстаўка Re — паўтор. Мы хочам, каб нашы бокс прыходзіў паўторна ў сям’ю і заставаўся там як мага даўжэй».
Віталь акцэнтуе, што ў Rebox проста няма права на фіяска.
«Калі нашы вячэры не спадабаюцца адразу, кліент да нас дакладна больш не прыйдзе. Таму асноўная наша задача сёння — паставіць вячэры «на паўтор» для як мага большай колькасці карыстальнікаў».
Год 2017. «Было складана, цікава i зусім не так, як мы планавалі»
Rebox існуе ў межах буйной дынамічнай кампаніі пастаўшчыка прадуктаў харчавання «Рэстарацыя», якой ужо больш за 10 год.
«Вырашыўшы развівацца ў інтэрнэт-прасторы, мы запусцілі адразу два праекты: Rebox.by і re-store.by. Калі Rebox— гэта дастаўка пэўнага набору прадуктаў з рэцэптамі, то «Рэстор» —класічная дастаўка прадуктаў. Але тых прадуктаў, якія ў звычайным супермаркеце купіш не заўсёды».
Кіраўнік праекта Rebox Віталь Анашкевіч.
З дня запуску Rebox — 14 лютага 2017 — прайшло ўжо больш за паўтара года.
«Першыя дастаўкі я добра памятаю. Як бывае ў падобных стартапах, дастаўлялі наборы ежы сябрам, знаёмым. Прыемна, што некаторыя нашы кліенты з першага дня з намі».
Фармат хатніх вячэраў, але прыгатаваных як у годным рэстаране, у свеце не новы, зазначае Віталь. А вось на беларускім рынку сёння яго прадстаўляе толькі Rebox.
Віталь кажа, што іх сэрвісу было крыху прасцей запусціцца, чым іншым падобным стартапам, якія з’яўляліся і знікалі праз тры месяцы. Усё ж «Рэстарацыя» дае матэрыяльна-тэхнічную базу.
«І ўсё адно было складана: усё было не так, як мы планавалі. Толькі падрыхтоўка ішла амаль паўгода: прыдумваліся і выпрабоўваліся рэцэпты, рабіўся брэндзінг і шмат чаго яшчэ. Але гэта было страшна цікава».
Хто карыстаецца сэрвісам?
«Калі мы адпрацавалі год, вырашылі зладзіць вялікую агульную сустрэчу, куды запрасілі сваіх пастаянных кліентаў. Сустрэча адбылася ў фармаце кінапаказу ў сталічным кінатэатры», — прыгадвае Віталь. Да гэтага каманда сэрвісу ведала тых, каму штотыдзень прадумвае вячэру, толькi па сацсетках.
Сёння кліентам Rebox пераважна 25-40 гадоў, яны актыўныя, гатовыя спрабаваць новае, кожны дзень рабіць адкрыцці, нават проста гатуючы вячэру. Гэта людзі, якія ўмеюць цаніць свой час і лічыць грошы.
«Нашы кліенты — гэта і праграмісты, і настаўнікі, і дактары. Прафесіі вельмі розныя», — дадае Віталь.
Што ў нас на вячэру?
Параўноўваць Rebox з дастаўкай гатовай ежы некарэктна і няправільна — піцу штовечар есці не будзеш. У Rebox імкнуцца зрабіць кожную вячэру адрознай.
«Мы абавязкова ўключаем у меню на тыдзень свініну, ялавічыну, рыбу, курыцу, каб вячэры былі разнастайныя і карысныя».
Што датычна правільнага харчавання, то Віталь адзначае, што з гэтым складаней, бо паняцце правільнага харчавання кожны вызначае індывідуальна.
«Але ў нашых вячэрах шмат гародніны, стараемся ўключаць карысныя морапрадукты».
Дарэчы, вегетарыянскі сэт у Rebox не прыжыўся.
«Мы спрабавалі яго ўвесці, але вялікага попыту не было, таму з часам адмовіліся. Рабіць кожны тыдзень адмысловую вегетарыянскую лінейку эканамічна нявыгадна, а той самы сэт двойчы ў нас замаўляць не будуць».
Затое ў Rebox цяпер распрацоўваюць магчымасць замяняць некаторыя прадукты.
«Напрыклад, калі вы не ясце свініну, то зможаце замяніць яе чымсьці яшчэ. У нас ёсць пастаянныя кліенты, якія не ядуць памідораў. Мы ім абавязкова замяняем гэты інгрэдыент. У бліжэйшых планах хочам даць такую магчымасць усім нашым кліентам».
Вячэра ў першую чаргу асацыюецца з сям’ёй, з часам, які можна правесці разам. Таму натуральна, што Rebox абралі менавіта фармат вячэраў.
«Сняданак — гэта хутка. На складанасці і эксперыменты ў чалавека проста няма часу. А прапаноўваць яму аўсянку з рознымі арэшкамі — смешна».
Затое абеды — іншая справа.
«Мы плануем да нашых вячэраў па жаданні кліентаў дадаваць яшчэ і супы. Многія кажуць, што гатуюць нашы вячэры на абед. Дык чаму не аздобіць іх добрымі супамі?»
Хто працуе ў Rebox?
Сёння каманда Rebox — гэта каля 30 чалавек. Сярэдні ўзрост — 30-35 гадоў. Кур’еры, фасоўшчыкі, прыбіральшчыкі і, вядома, кухары. У Rebox з першага дня працуе брэнд-шэф Яўген Макарэвіч. Дапамагаюць яму яшчэ два кухары. Акрамя таго, тут практыкуюць наймаць повараў для распрацоўкі розных рэцэптаў.
Цяпер у базе Rebox каля 600 рэцэптаў. Паўтараюцца яны не часцей, чым раз на два месяцы. Карыстальнікам прапануюць два варыянты сэтаў на вячэры: класічны і лайт. Рэцэпты лайт-боксаў менш складаныя, у іх менш інгрэдыентаў, гатаваць іх прасцей і хутчэй. Акрамя асноўнага меню, у Rebox прадугледжаныя вячэры, прымеркаваныя да свят, а таксама сэт «Госці» — вячэра, разлічаная на чатырох чалавек, у якую ўваходзіць асноўная страва, закуска і салата.
Нешта пайшло не так
Віталь расказвае, што за прыгожымі, смачнымі і своечасова дастаўленымі стравамі стаіць вялізная праца. У якой здараюцца і промахі.
«Кухары — мастакі ў сваёй справе. І з імі, як з любымі людзьмі мастацтва, бывае цяжка. Просты прыклад: нашы кухары гатуюць новую страву і некаторыя інгрэдыенты дадаюць «на вока». Але так у нас не працуе: усё павінна быць узважана да грама».
У Rebox існуе тры этапы кантролю рэцэпту. На першым усё гатуецца, фатаграфуецца, на другім — уносяцца карэкціроўкі.
Напрыклад, кухары напісалі, што страву можна прыгатаваць за 40 хвілін. Трэба яшчэ раз праверыць, ці сапраўды гэта так.
«Мы аднойчы праводзілі конкурс па нарэзцы цыбулі. Дык галоўку цыбулі кухары пакрышылі за 15 секунд, а мне спатрэбілася дзве хвіліны. Таму і гэтыя 40 хвілін, што заклалі на прыгатаванне кухары, у звычайнага непадрыхтаванага чалавека могуць расцягнуцца на гадзіну. На трэцюю вячэру, вядома, будзе атрымлівацца хутчэй».
На астатніх этапах кантролю зноў усё пераправяраецца і карэктуецца.
«Часам здараецца, што нешта забудзем пакласці ў скрыню. Але такія недахопы мы імкнёмся выпраўляць хутка і за наш кошт. Мы любім нашых кліентаў, і яны адказваюць нам узаемнасцю».
Пра дробныя недахопы Rebox Віталь Анашкевіч расказвае спакойна. Ён разумее, што пры вялікіх аб’ёмах працы могуць быць нечаканасці.
«Ад моманту прыдумвання стравы да моманту, калі прадукты пакладуць у скрыню і яна трапіць кліенту, звычайна праходзіць два месяцы. Праз гэта ў нас аднойчы здарыўся промах з гарбузом. Вячэра з ім з’явілася на сайце тады, калі на яго быў ужо не сезон. Мы тады насіліся па ўсіх пастаўшчыках, куплялі па два-тры — усё, што было ў продажы ў той момант. Бо калі прадукт трапіў на сайт і кліент яго замовіў, ужо не скажаш: «Соры, гарбуза не будзе, мы проста не можам». Але з таго часу мы сталі больш абачлівымі».
Як ні дзіўна, але больш за ўсё нараканняў у кліентаў… на бульбу.
«Да прадуктаў у нас вельмі строгі падыход. Калі ў бульбе ёсць «вочкі», то кліенты імгненна робяць фота і дасылаюць нам: «Што гэта за бульбу вы мне падсунулі?» Хаця краме такую прэтэнзію наўрад ці хто б прад’яўляў. Таму ў нас усе прадукты максімальна якасныя».
Самае складанае ў прасоўванні — першая замова
Мы гутарым з Віталём Анашкевічам пра кухню, рэцэпты, пра каманду аднадумцаў, якія сабраліся ў Rebox, пра поспехі і ўзаемную любоў з кліентамі. І падаецца, што праблем для гэтай маладой крэатыўнай каманды папросту не існуе. Але так не бывае.
«У нас ёсць праблема першай замовы, — кажа Віталь, — нам вельмі цяжка прыцягнуць новага кліента, каб ён паспрабаваў наш сэт упершыню. Многім здаецца, што 85 рублёў за пяць вячэраў на дваiх — гэта шалёныя грошы. Але калі вы на адзін вечар замаўляеце сушы за 30 рублёў, вам жа не здаецца гэта дарагім? Аднак псіхалогію чалавека вельмі цяжка перабудаваць».
А што далей?
Павінен запрацаваць абноўлены сайт Rebox.by, мусіць з’явіцца раздзел дадатковых страў. Да набору прадуктаў для асноўнай вячэры ў карыстальніка будзе магчымасць замовіць сабе таксама прадукты на суп ці дэсерт, якія ён таксама зможа прыгатаваць дома.
Акрамя таго, расказвае Віталь, вельмі важна зрабіць максімальна камфортнай мабільную версію сайта.
Што сапраўды важна для Rebox — гэта пастаянны доступ у інтэрнэт. Камунікацыя з карыстальнікамі сэрвісу актыўна ідзе ў сацыяльных сетках і розных мэсэнджарах, пераважна ў інстаграме і вайберы. Кліенты дзеляцца сваімі ўражаннямі пра стравы, менеджары і кухары ў рэжыме анлайн дапамагаюць у выпадку ўзнікнення пытанняў, звязаных з гатаваннем.
«Зносіны ў сацыяльных сетках мы падтрымліваем практычна 12 гадзін на суткі. Таму пры выбары тарыфнага плану нам важна, каб быў уключаны мабільны інтэрнэт і каб менеджары заўсёды заставаліся з кліентам на сувязі, нават калі нешта здарыцца з wi-fi», — тлумачыць Віталь.
Тарыфны план «Камфорт+ для бізнэсу» ад velcom акурат створаны для гэтых мэт. Асноўныя яго перавагі — гэта безлімітныя званкі ва ўсе сеткі, безлімітныя званкі паміж супрацоўнікамі, дадатковыя мегабайты літаральна за капейкі, абавязковае апавяшчэнне аб сканчэнні трафіку і абсалютна бескаштоўная дадатковая опцыя «Безлімітны інтэрнэт».
Цікавы выпадак
Не так даўно ў Rebox прыйшоў водгук, што іх сертыфікат на прадукты для вячэраў стаў вясельным падарункам.
«Сертыфікат падарылі са словамі: «Вельмі хочацца спрасціць першыя сямейныя будні маладой гаспадыні». Вось для гэтага мы і працуем!»
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы velcom.
Пра адмысловыя тарыфныя планы «Камфорт+ для бізнэсу» вы можаце даведацца тут.