«Прашу прабачэння ў тых, каго я падвёў». Алег Сянцоў расказаў, чаму спыніў галадоўку

05.10.2018 / 17:49

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, які адбывае пакаранне ў Ямальскай калоніі, паведаміў, што з 6 кастрычніка вымушаны спыніць галадоўку, якую ён трымаў больш за 140 дзён. Пра гэта ён напісаў у заяве, якую перадаў праз свайго адваката Дзмітрыя Дзінзе:

«У сувязі з крытычным станам майго здароўя, а таксама паталагічнымі зменамі ва ўнутраных органах, якія пачаліся, у найбліжэйшы час мяне збіраліся карміць прымусова. Маё меркаванне пры гэтым ужо не ўлічваецца. Нібыта я ўжо не ў стане адэкватна ацэньваць узровень здароўя і небяспекі, якая яму пагражае. Гвалтоўнае кармленне будзе праводзіцца ў рамках рэанімацыйных мерапрыемстваў па выратаванні жыцця пацыента. У гэтых умовах я вымушаны спыніць сваю галадоўку ад заўтра, гэта значыць з 6.10.18.

145 дзён барацьбы, мінус 20 кілаграм вагі, плюс надарваны арганізм, але мэта так і не дасягнута. Я ўдзячны ўсім, хто падтрымліваў мяне, і прашу прабачэння ў тых, каго я падвёў…

Слава Украіне!

Алег Сянцоў. 5.10.18»