Уласнік «Паедзем, паядзім» Зайдэс падаў на «Новы час» такі ж самы пазоў, як раней Ізраілевіч

05.12.2018 / 11:24

Галоўная рэдактарка газеты «Новы час» Аксана Колб раніцай 5 снежня атрымала смс-ку з суда Савецкага раёна Мінска. Яе просяць з’явіцца 17 снежня на папярэдні разгляд пазову Леаніда Зайдэса «па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды».

Леанід Зайдэс. Фота svaboda.org.

Пакуль сам пазоў спадарыня Колб не бачыла (работнікі суда павінны прадаставіць цягам пяці дзён), таму не ведае, якія менавіта прэтэнзіі ў Зайдэса. Аднак сама фармулёўка гучыць гэтаксама, як папярэдні пазоў яшчэ аднаго бізнэсмэна Аркадзя Ізраілевіча. Той спадзяваўся спагнаць з «Новага часа» 40 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі. Тады суд стаў на абарону незалежнага выдання.

«Ці дадае аптымізму станоўчы досвед такіх справаў у судзе? Хутчэй не, бо ў нашай краіне можа быць усё, што заўгодна. Гэтыя людзі не могуць супакоіцца, што аднойчы мы іх перамаглі ўжо. Што ж, будзем далей змагацца», — адзначыла Аксана Колб.

«Новы час» друкаваў серыю матэрыялаў журналіста Дзяніса Івашына аб тым, каму належыць рэстаран «Паедзем, паядзім» у Курапатах. Сам Івашын смс з запрашэннем у суд пакуль не атрымліваў.

ЗП