Дызайнера сумак Бычкоўскага злавілі на крадзяжы чужых ідэй
Беларускі дызайнер Яўген Бычкоўскі прадставіў сваю новую калекцыю сумак «Мульцібрэндавая».
01.02.2019 / 10:05
Але «свайго» у гэтай калекцыі не аказалася. Яўген скарыстаўся ідэямі іншых беларускіх дызайнераў: Максіма Міронава, Паўла Панаскіна, Кilltoday Міланы Вілейта, Віты Гардзіеўскай.
Вядома, такая дзёрзкасць не засталася незаўважанай і ў сацыяльных сетках сталі актыўна абмяркоўваць учынак Бычкоўскага.
Хтосьці наўпрост абвінавачваў яго ў крадзяжы, хтосьці пісаў пра тое, што шкадуе, што мае ў сваё калекцыі рэч ад дызайнера Бычкоўскага.
Сам дызайнер у адказ на гэта … смяецца.
«Усё дзеля гэтага, — сказаў Яўген Бычкоўскі ў размове з «Нашай Нінай». — Так і напішыце: усё дзеля гэтага. Дзеля чаго? Потым здыму відос, у якім усё патлумачу».
«НН»: Яўген, а што вы скажаце на тое, што гэта крадзеж?
Бычкоўскі: У каго я краду? У маладых беларускіх дызайнераў? Дык я яны і ёсць (смяецца). Гэта ж весела!
«НН»: Не баіцеся, што на вас пададуць у суд?
Бычкоўскі: Злодзей павінен сядзець у турме (смяецца). Я гатовы адсядзець за дызайн. Наб’ю сабе наколку купалоў і сумку Панаскіна (смяецца).
Дызайнер сумак Павел Панаскін пакуль ад каментароў устрымаўся:
«Мы зараз прымаем меры, у тым ліку і прававыя. Тады і можна будзе гаварыць пра суд ці нешта яшчэ. Я з Яўгенам Бычкоўскім асабіста не размаўляў».
Амаль тое самае адказала і Мілана Вілейта (брэнд Кilltoday):
«Сітуацыя дзіўная. Дайце некалькі дзён разабрацца ў ёй. З аднаго боку непрыгожа атрымалася, а з другога — я за гэтыя дні атрымала столькі пазітыўных водгукаў пра мае працы».