Цяжарнасць і роды: што трэба ведаць пра іх
08.05.2019 / 22:55
publicdomainpictures.net
Як ставіцца да цяжарнасці і родаў?
Цяжарнасць і роды з'яўляюцца фізіялагічным, г.зн. нармальным, станам у жыцці жанчыны. Многія лічаць, што яны — галоўнае ў жыцці жанчыны, што прадаўжэнне роду і складае сэнс жыцця. (Зрэшты, гэта ж адносіцца і да мужчынаў).
Арганізм жанчыны прыродаю падрыхтаваны да такіх станаў.
Няправільна лічаць, што цяжарнасць — гэта стан накшталт хваробы, небяспекі, а роды патрабуюць прымянення шматлікіх сучасных медыцынскіх тэхналогій. Насамрэч, 90% усіх родаў не патрабуюць ніякага ўмяшання, а дапамога доктара падчас цяжарнасці патрэбна толькі ў асобных выпадках (што не адмяняе неабходнасці медыцынскага кантролю за станам здароўя цяжарнай і неабходнасці нараджаць пад кантролем дактароў у радзільным доме). Цяжарнасць здаровай жанчыны не ўяўляе небяспекі ні для яе, ні для дзіцяці.
Якія перыяды выдзяляюць падчас цяжарнасці?
Цяжарнасць у жанчын у норме доўжыцца 280 дзён (+/- 14 дзён), або 40 тыдняў (або 10 месячных месяцаў).
У новым стане ўзнікае маса адчуванняў: ад шчасця да сумневу, ад радасці да страху.
Выдзяляюць тры трыместры цяжарнасці.
Першы трыместр цяжарнасці (ад 1 да 12 тыдняў). Цяжарнасць можна выявіць ужо з першага дня затрымкі месячных, выкарыстоўваючы тэст-палоску на вызначэнне ў мачы спецыяльных гармонаў.
wikipedia.org / Klaus Hoffmeier
У гэты час аплодненая яйцаклетка прымацоўваецца, укараняючыся ў слізістую абалонку маткі. Інакш цяжарнасць можна вызначыць пры адсутнасці наступных месячных. Здаровыя аплодненыя яйцаклеткі надзейна прымацаваныя да сценкі маткі. У гэты час арганізм жанчыны прыстасоўваецца да новага стану і выканання задач цяжарнасці.
Яечнікі, а пазней плацэнта, выдзяляюць гармоны, якія ўплываюць на ўвесь арганізм. Лепшае забеспячэнне крывёю, тканіны назапашваюць больш вады, павялічваюцца грудныя залозы. Унутраныя органы працуюць хутчэй, бо ім трэба працаваць на два арганізмы. У першыя 3 месяцы няма яшчэ бачнага павелічэння жывата. Змяняецца, затое, псіхічны стан.
На 6-м тыдні цяжарнасці. Фота: flickr.com / Daniel Panev
Як развіваецца дзіця ў першым трыместры?
На працягу некалькіх дзён яйцаклетка дзеліцца ў матачнай трубе і ў поласць маткі аплодненая яйцаклетка трапляе ў выглядзе шматклетачнага арганізма. З гэтых клетак развіваецца зародак, пупавіна і плацэнта. Зародак і пупавіна плаваюць у каляплодных водах. Развіццё асобных органаў адбываецца з трэцяга тыдня цяжарнасці. На пятым тыдні развіваецца цэнтральная нервовая сістэма, то бок галаўны і спінны мозг, галава з вачыма і ротам, а таксама стрававальны тракт. Пачынаецца работа сэрца, рост касцей, спачатку плечавой, а неўзабаве і сцегнавой. У 8 тыдняў верхнія канечнасці ужо маюць далоні, развіваюцца дыхальныя шляхі, з'яўляюцца вушы. На мяжы паміж 9-м і 10-м тыднямі з'яўляюцца яечнікі і яечкі. З гэтага часу пачынаецца акасцяненне шкілета. У канцы 3-га месяца даўжыня плоду дасягае 7—9 см.
Другі трыместр цяжарнасці (ад 13 да 26 тыдняў)
Ужо прайшоў перыяд змен і прывыкання да новага стану, роды яшчэ далёка, самаадчуванне звычайна нядрэннае і цяжарнасць звычайна не патрабуе асаблівых абмежаванняў. Гэта час спакою і ўнутранай стабілізацыі.
Паміж 13 і 23 тыднем з'яўляецца адчуванне варушэння дзіцяці. Звычайна формы цела цяжарнай акругляюцца, дадаецца 3—5 кг вагі. Псіхічны стан стабільны. Некаторыя перажываюць праз змену фігуры і павелічэнне жывата.
Дзіця ў гэты час ўмацоўвае свае мышцы, яно штурхаецца ножкамі, разводзіць пальчыкі, сціскае і раскрывае кулачкі, можа рухаць галавой. Ужо да 4 месяцаў фармуюцца найбольш важныя рэфлексы. Пачынаюць фарміравацца органы чуццяў. Дзіця пачынае трэніраваць свае лёгкія і здольнасць глытання.
Мозг, яшчэ не цалкам сфарміраваны, ужо можа рэагаваць на няёмкае становішча зменай становішча цела. Рухі дзіцяці становяцца вельмі актыўнымі, бачнымі ў выглядзе напружання сценкі жывата звонку.
На шостым месяцы дзіця актыўна ўдзельнічае ў фізічным і псіхічным жыцці мамы: адчувае стрэсы, страх, радасць, зло, небяспеку, спакой. Рэагуе на розную музыку і «ўцякае» ад рэзкіх гукаў. У 6 месяцаў дзіця мае вагу ад 500 да 800 грамаў і даўжыню да 30 см, і пры заўчасных родах у яго ёсць ужо шанец выжыць.
Трэці трыместр цяжарнасці (з 26 тыдняў да 39 тыдняў)
Апошнія месяцы цяжарнасці ў жанчын працякаюць па-рознаму. Адны спакойна рыхтуюцца да родаў, іншыя напружана чакаюць гэтага моманту. Але кожная жанчына павінна ведаць, што чым спакайнейшай яна будзе, тым лепш для дзіцяці. У гэты перыяд дзіця найбольш хутка расце. Павялічаная матка і разрослая плацэнта ціснуць на органы малога таза, выклікаючы часам такія з’явы, як застой крыві ў венах малога таза, болі ў паяснічнай вобласці, у вобласці прамой кішкі, у нагах. Ціск на мачавы пухір можа выклікаць больш частыя спусканні мачы. Павялічаная матка можа ціснуць на страўнік, памяншаючы яго аб'ём, што абмяжоўвае аб'ём ежы і патрабуе харчавання малымі порцыямі, можа зніжацца перыстальтыка кішэчніку. Як бы размякчаюцца храсткі суставаў, што з'яўляецца прыкметай блізкіх родаў.
pixabay.com / MarioTrainotti
Псіхічны стан: усё часцей узнікаюць думкі пра роды, страх перад болем і недамаганнямі, боязь за здароўе дзіцяці. У гэты час неабходна падрыхтавацца да родаў, наведаць заняткі па падрыхтоўцы да родаў ў жаночай кансультацыі.
На восьмым месяцы плод пераварочваецца галоўкай уніз: галоўкай наперад ён будзе нараджацца. У 40 тыдняў вага дзіцяці дасягае 2800—4000 грамаў, а рост складае 48—50 см.
Калі трэба станавіцца на улік па цяжарнасці ў Беларусі?
Да 12 тыдняў цяжарнасці. Пры своечасовай пастаноўцы на ўлік і рэгулярным наведванні гінеколага жанчына пасля родаў атрымае адначасовую выплату: на сёння — у памеры 216,9 рублёў пры нараджэнні першага дзіцяці ці 303,66 рублёў пры нараджэнні другога і наступных.
wikipedia.org
Пад час цяжарнасці доктар будзе рэгулярна аглядаць цяжарную і прызначаць прадугледжаныя для гэтага выпадку даследаванні, кансультацыі дактароў-спецыялістаў, а таксама аналізы. Так, цяжарнай трэба будзе прайсці 3 абавязковыя ультрагукавыя даследаванні плоду (УГД) — на 11—12 тыднях, на 20—22 тыднях і на 32—35 тыднях. Трэба будзе здаць агульны аналіз мачы, аналіз мачы па Нечыпарэнку, аналіз мачы на бактэрыяльны пасеў, аналіз калу, агульны аналіз крыві + аналіз крыві на цукар (з пальца), біяхімічны аналіз крыві, аналіз крыві на гармоны шчытападобнай залозы, аналіз на групу крыві і Rh-фактар, аналіз крыві на сіфіліс, антыцелы да вірусаў гепатыту В і С; ВІЧ, аналіз крыві на хламідыі, таксаплазмоз, аналіз на згусанне крыві (каагулаграма), мазок з похвы на флору; пасеў на бактэрыі, ганарэю. Таксама трэба будзе наведаць тэрапеўта, акуліста, лора, эндакрынолага, стаматолага, зрабіць кардыяграму, УГД шчытападобнай залозы, а пасля 30 тыдняў цяжарнасці — кардыятакаграфію (КТГ) — ацэнку сардэчнай дзейнасці плоду.
Як бачым, цяжарнай прыйдзецца актыўна наведваць медычныя ўстановы, але робіцца гэта для яе карысці і карысці яе будучага дзіцяці.
Калі цяжарную могуць пакласці «на зберажэнне»?
Арганізм жанчыны працуе так, што цяжарнасць з’яўляецца для яго прыярытэтам і, як правіла, ён самастойна забяспечвае ўсё, каб цяжарнасць працякала без праблем. Як правіла, цяжарная жанчына можа весці звыклы лад жыцця: працаваць, займацца хатнімі работамі, фізкультурай і спортам (з пэўнай карэкціроўкай нагрузак), мець сэксуальныя зносіны. Але ў некаторых выпадках узнікае небяспека самаадвольнага перарывання цяжарнасці (выкідышу), і ў гэтым выпадку доктар прапануе цяжарнай легчы ў бальніцу, каб запабегчы гэтаму, захаваць цяжарнасць. Нічога страшнага ў гэтым няма, баяцца стацыянара не трэба. У большасці выпадкаў усё абмяжуецца доктарскім наглядам, пры неабходнасці будзе назначана адпаведнае лячэнне, а пасля таго як становішча стабілізуецца, жанчына вернецца дадому, да звычайнага жыцця.
Што такое таксікоз цяжарных і ці ва ўсіх ён бывае?
Таксікозам у побыце называюць млоснасць і ваніты, асабліва раніцай, якія часта (у 70% усіх цяжарнасцяў) бываюць спадарожнікамі пачатку цяжарнасці. Хаця яны ствараюць жанчыне пэўныя нязручнасці, але ніякай асаблівай пагрозы не нясуць і праз кароткі час праходзяць без знаку. Нягледзячы на тое, што такі ранні таксікоз — вельмі частая з’ява, дакладныя прычыны яго невядомыя, і, адпаведна, няма эфектыўных метадаў пазбягання яго. Трэба проста перацярпець. Да доктара варта звяртацца толькі ў тым выпадку, калі млосна вельмі моцна і доўга. Да канца першага трыместру гэты таксікоз скончыцца.
Небяспечным з’яўляецца так званы позні таксікоз (гестоз), які праяўляецца ў другім і трэцім трыместры.
Яго прыкметы: павышэнне крывянога ціску вышэй за 135/85 мм рт. сл.; ацёкі галёнак, стоп, рук і твару; наяўнасць бялку ў мачы (асабліва пры наяўнасці першых двух сімптомаў), празмернае павелічэнне вагі цела.
Познія таксікозы (гестозы) трэба лячыць, пры неабходнасці — у стацыянары.
У чым асаблівасці харчавання цяжарнай жанчыны?
Існуе меркаванне, што падчас цяжарнасці «трэба есці за дваіх». Не, гэта толькі павялічыць вагу і ўскладніць роды.
Калі харчаванне рацыянальнае, паўнавартаснае — дзіця атрымае ўсё неабходнае. У першыя 4 месяцы няма патрэбы ў павелічэнні каларыйнасці. Пазней павялічаную патрэбу ў калорыях можна пакрываць за кошт малочнай ежы, гародніны і садавіны. Есці трэба тое, чаго хочацца, гэта выцякае з патрэб арганізма.
Ці магчымае сэксуальнае жыццё падчас цяжарнасці?
pxhere.com
Сэксуальнае жыццё не выключанае пры цяжарнасці, якая працякае нармальна, і пры жаданні абодвух партнёраў. Варта абмяжоўваць сэксуальнае жыццё пры нежаданні жанчыны, бо псіхалагічны стрэс можа прывесці да непажаданых наступстваў. Не трэба сэксу і пры болях унізе жывата, пры крывяністых выдзяленнях з родавых шляхоў, пры пагрозе дачасных родаў, пры «падцяканні» каляплодных водаў пры разрыве плоднага пухіра.
Для чаго патрэбныя генетычныя кансультацыі?
Да цяжарнасці, пры наяўнасці якіх-небудзь генетычных парушэнняў ў мужа і жонкі або спадчынных захворванняў у сем'ях, трэба правесці генетычнае абследаванне мужа і жонкі. Многія спадчынныя захворванні маюць высокую рызыку паўтарэння ў пакаленнях, таму неабходна высветліць імавернасць такой рызыкі. Падчас цяжарнасці можна дыягнаставаць такія захворванні, як гідрацэфалія, хвароба Даўна і інш. Акрамя таго, можа быць праведзена даследаванне каляплоднай вадкасці для выяўлення розных храмасомных парушэнняў і заган развіцця нервовай сістэмы.
Хваробы падчас цяжарнасці
За час цяжарнасці жанчына можа захварэць. Калі гэта звычайная прастуда, перажываць не варта — трэба проста лячыцца, як бы вы зрабілі тое і да цяжарнасці. Але неабходна пракансультавацца з доктарам наконт неабходнасці прыёму лекаў, бо лекі пранікаюць праз плацэнту да плоду. Па магчымасці, лепш абысціся хатнімі сродкамі.
А вось такое інфекцыйнае захворванне, як краснуха, можа быць вельмі небяспечным для будучага малыша.
Калі жанчына не хварэла краснухай, то перад планаванай цяжарнасцю (не пазней як за 3 месяцы) варта зрабіць прышчэпку.
Адзёр, паратыт («свінка»), ветраная воспа таксама могуць быць небяспечнымі падчас цяжарнасці.
Звычайна ўсе жанчыны ў дзяцінстве хварэюць гэтымі хваробамі. Але калі быў кантакт з такімі хворымі падчас цяжарнасці, неабходна вызначыць узровень ахоўных антыцелаў, а пры іх адсутнасці ўвесці адпаведны імунаглабулін.
Таксаплазмоз — яшчэ адна небяспечная для плоду інфекцыя, якая пераносіцца пры ўжыванні сырога мяса (калі жанчына прывыкла каштаваць фарш на соль або есці тартар); а таксама ад хатніх катоў. Таму лепш пазбягайце гэтага.
Прафілактыка — выкананне правіл асабістай гігіены: не трымаць на руках цяжарным хатніх катоў, а таксама пазбягаць ўжывання сырога мяса! Існуюць спецыяльныя пробы на таксаплазмоз, якія праводзяць цяжарным.
Варта таксама звяртаць увагу на такія сімптомы, як абцяжаранае дыханне, крывяністыя выдзяленні з родавых шляхоў, боль пры мочаспусканні, ўздуцце жывата, значныя ацёкі, змена крывянога ціску, варыкознае пашырэнне вен. Пры іх наяўнасці варта пракансультавацца з доктарам.
Што шкодна падчас цяжарнасці
Алкаголь, наркотыкі, рэнтгенаўскае апраменьванне, курэнне, кантакт з атрутнымі рэчывамі.
Як рыхтавацца да родаў
Падрыхтоўку да родаў лепш за ўсё праводзіць з 7-га месяца цяжарнасці. Ёсць спецыяльныя школы ў жаночых кансультацыях, дзе праводзіцца навучанне цяжарных, падрыхтоўка да родаў. Навучаюць метадам самаабязбольвання, правільнага дыхання, расслаблення і паводзін у самыя адказныя моманты родаў — падчас патуг і схватак. Жанчыны, якія засвоiлi ўсе гэтыя навыкі, значна спакайней і правільней паводзяць сябе ў родах, роды ў іх праходзяць хутчэй, а родавыя болі пераносяцца лягчэй.
flickr.com / Tom & Katrien
Ясна, што зусім без болю родаў не бывае. Але з родавымі болямі гэта як з успамінамі некаторых ветэранаў: чым больш часу праходзіць па вайне, тым больш кровапралітнымі і жорсткімі ў іх аповедах становяцца баі, у якіх яны ўдзельнічалі. Так і некаторыя жанчыны, якія нараджалі, любяць «наганяць жарсці». А насамрэч прырода паклапацілася пра тое, каб роды праходзілі сувымерна з тым, што можа вынесці жанчына і каб ужо ў той момант, калі ёй на грудзі пакладуць дзіця, радасць ад дачынення да цуду з’яўлення новага жыцця цалкам сцерла ў памяці успаміны пра перанесеныя цяжкасці.