Прыведзены ў выкананне яшчэ адзін расстрэльны прысуд
13.06.2019 / 13:34
Аляксандр Жыльнікаў, фота Сяргея Гудзіліна
Прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у адносінах да Аляксандра Жыльнікава. Пра гэта каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палудзе паведамілі сваякі асуджанага, піша spring96.org
Пакуль што лёс другога фігуранта справы — Вячаслава Сухаркі — невядомы. Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананне да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры па адной справе.
Справа адносіцца да снежня 2015 г. На вуліцы Алібегава ў Мінску у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла правучыць саперніцу. Выканаўцы (Вячаслаў Сухарка і Аляксандр Жыльнікаў) перастараліся — забілі і хлопца, і дзяўчыну. Адразу пасля затрымання стала вядома, што мужчыны таксама датычныя да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваім доме аднаму з іх.