Акадэмік НАН Беларусі: Уплыў парніковых газаў на пацяпленне клімату перабольшаны
13.06.2019 / 18:39
Роля выкідаў парніковых газаў у пытаннях змянення клімату перабольшаная. Такое меркаванне выказаў журналістам акадэмік, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Уладзімір Логінаў, піша БелТА.
«Павелічэнне парніковых газаў сапраўды прыводзіць да росту тэмпературы паветра, але роля гэтага чынніку перабольшаная. Мы прыйшлі да парадаксальных высноў і па-іншаму зірнулі на прыроду пацяплення», — адзначыў Уладзімір Логінаў.
Ён лічыць, што на змяненне клімату высока ўплывае сусветны акіян, які праз вадзяную пару можа рэгуляваць тэмпературу.
У Беларусі, паводле акадэміка, гадавая тэмпература ў сярэднім павялічылася на 1,3 градуса. Прычым, калі 15-20 гадоў навукоўцы лічылі, што пацяпленне адносіцца да зімовага тыпу (павышалася тэмпература за кошт халодных месяцаў), то сёння размова ідзе пра пацяпленне летняга тыпу. Усё часцей не толькі на тэрыторыі краіны, але і ў Еўропе агулам сталі паўтарацца засушлівыя перыяды. Раней такая сітуацыя назіралася з розніцай у тры-чатыры гады, а цяпер — з розніцай у два гады.