Стала вядома, з якой фармулёўкай Лукашэнка звольніў Шуневіча — прычым толькі праз дзень пасля яго заявы
14.06.2019 / 00:34
Ігар Шуневіч быў звольнены з пасады міністра ўнутраных спраў «па згодзе бакоў». Пра гэта гаворыцца ў прэзідэнцкім указе №234 ад 11 чэрвеня 2019 года:
«Звольніць генерал-лейтэнанта міліцыі Шуневіча Ігара Анатольевіча са службы ў органах унутраных спраў у запас у сувязі з пагадненнем бакоў (падпункт 180.4 пункта 180 Палажэння аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 2012 г. No 133) з правам нашэння ўстаноўленай формы адзення і знакаў адрознення».
Адметна, што Ігар Шуневіч абвесціў пра сваю адстаўку за дзень да таго, 10 чэрвеня.