Памёр ідэолаг 1990-х Уладзімір Замяталін

07.07.2019 / 14:50

Сёння а 9-й раніцы ў сябе дома памёр на 72-м годзе жыцця Уладзімір Замяталін.

Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі члены яго сям'і. Прычына смерці пакуль невядомая.

Замяталіна называлі кардыналам беларускай ідэалогіі, аўтарам двух беларускіх рэферэндумаў, хросным бацькам «Дажынак» і «Славянскага базару» і правай рукой Аляксандра Лукашэнкі.

Уладзімір Замяталін родам з расійскай Тулы, скончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, пасля служыў у войску палітруком у Германіі, Далёкім Усходзе. У выніку лёс занёс Замяталіна ў Беларусь, дзе ён узначаліў прэс-службу Мінабароны. Меў званне палкоўніка.

Затым Замяталін быў прэс-сакратаром Савета Міністраў, віцэ-прэм’ерам, а таксама намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказным за ідэалогію. Пры часе яго кіравання ціск на беларускую культуру быў наймацнейшым.

Пры канцы кар'еры Замяталін узначальваў «Беларусьфільм», фігураваў як прадзюсар некалькіх беларуска-расійскіх фільмаў на ваенную тэматыку: «Брэсцкая крэпасць», «У чэрвені 41-га», «Снайпер: зброя адплаты». 

Nashaniva.com