Ізноў хапун у Маскве: 500 затрыманых на мітынгу «Дапускай» з патрабаваннем рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў
27.07.2019 / 16:15
Па стане на 16.25 у Маскве затрымалі, як мінімум, 435 чалавек, піша Медуза са спасылкай на ОВД-інфо.
Не ўзгодненая ўладамі акцыя за допуск да выбараў у Маскоўскую гардуму незалежных кандыдатаў, якіх выбаркам раней адхіліў ад удзелу, пачалася каля 14.00 на Цвярской вуліцы каля мэрыі. Пратэстоўцы прарвалі ачапленне ў раёне перасячэння Цвярской вуліцы з Цвярскім і Страсным бульварамі і выйшлі на праезную частку.
Частку пратэстоўцаў паліцыя выціснула з Цвярской вуліцы ў завулкі. Мясцовыя жыхары наракае, што іх не прапускаюць да іх дамоў па ачэпленай Цвярской і завулках.
Акцыя праходзіць без лідараў апазіцыі — да пачатку мерапрыемства большасць з іх былі затрыманыя. Сярод іх — антыкарупцыйны блогер Аляксей Навальны, прэзідэнт Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў, не дапушчаныя да ўдзелу ў выбарах кандыдаты Дзмітрый Гудкоў, Юлія Галяміна, Ілья Яшын, Аляксандр Салаўёў і Любоў Собаль.
Маскоўскі гарвыбаркам патлумачыў адмову рэгістраваць кандыдатаў апазіцыі на выбарах у гардуму перавышэннем дапушчальнага ўзроўню несапраўдных подпісаў і іншымі парушэннямі.
Ад не дапушчаных да выбараў удзельнікаў у Масгарсуд было пададзена 29 пазоваў, у якіх кандыдаты аспрэчваюць рашэнні акруговых выбарчых камісій і Масгарвыбаркама.
У Расіі ўладу кантралюе групіроўка Уладзіміра Пуціна. Партыя ўлады называецца «Адзіная Расія». Свабодна дзейнічаюць таксама некалькі псеўдаапазіцыйных партый — камуністы, ліберал-дэмакраты, «Справядлівая Расія» ды іншыя, якія, аднак, не кідаюць выкліку рэжыму. Сістэма нагадвае тую, якая існавала ў ГДР, калі рэзідэнтам савецкай спецслужбы там быў Уладзімір Пуцін. Многія рэальныя апаненты яго ўлады былі забітыя, як Барыс Нямцоў, выціснутыя за мяжу, як Хадаркоўскі, або крымінальна пераследаваныя, як Навальны.