Расія і Украіна не дамовіліся пра абмен Сянцова на Вышынскага
23.08.2019 / 11:00
Алег Сянцоў, wikimedia
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў і галоўны рэдактар «РІА Навіны Украіна» Кірыл Вышынскі не ўвайшлі ў спісы арыштаваных і зняволеных, якіх плануюць абмяняць Расія і Украіна. Пра гэта паведамляе «Камерсант» са спасылкай на крыніцы.
Адзначаецца, што Вышынскі, арыштаваны ў Кіеве ў маі 2018 года, сам адмовіўся ад абмену, бо мае намер у судзе даказаць сваю невінаватасць. Журналіста абвінавачваюць у падтрымцы «ДНР» і «ЛНР» і дзяржаўнай здрадзе. 19 ліпеня суд падоўжыў яму арышт да 19 верасня.
Суразмоўцы «Коммерсанта» пацвердзілі ранейшую інфармацыю, што Масква і Кіеў аддадуць адзін аднаму па 33 чалавекі, у спісы на абмен ўключаны ўсе 24 ўкраінскія маракі, затрыманыя ў лістападзе 2018 года ў Керчанскім праліве за незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Расіі.
Дакладныя тэрміны абмену па-ранейшаму не называюцца, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца да канца жніўня.