Протаіерэй Сергій Гардун: Трэба актывізаваць працэсы беларусізацыі і ў грамадстве, і ў царкве
30.09.2019 / 11:00
Протаіерэй Сергій Гардун, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ, у кулуарах святкавання 30-годдзя БПЦ адказаў на некалькі пытанняў «Нашай Нівы» наконт беларускасці царквы.
Айцец Сергій унікальны тым, што беларуская мова для яго не нешта набытае. Ён пачуў рускую толькі ў школе.
Чытайце таксама: Протаіерэй БПЦ Сергій Гардун: Да школы я рускай мовы наогул не чуў. Толькі беларускую
Сергій Гардун. Фота: sobor.by.
«Наша Ніва»: Ці задаволены вы станам беларускай мовы ў царкве?
Сергій Гардун: Стан мовы ў царкве такі ж самы, як і агулам у краіне — царква не можа быць адарванай ад грамадства, мы карыстаемся тымі ж мовамі. Вось гавораць пра нейкую мяккую беларусізацыю, але я, скажу шчыра, яе не надта адчуваю, што на вуліцы, што ў царкве. Я думаю, гэты працэс трэба актывізаваць паўсюль.
У нас нешта робіцца: ёсць шэраг святароў, якія прапаведуюць па-беларуску. Мы зрабілі пераклад Новага Запавету па-беларуску, выдалі яго, распаўсюдзілі па епархіях, больш таго — яго перавыдала міжнародная пратэстанцкая арганізацыя «Гедэоны». Даволі вялікі наклад — 30 тысяч! Яны самі яго распаўсюджваюць — у бальніцах, у гасцініцах. Калі божае пісанне распаўсюджваецца па-беларуску, я думаю, гэта спрыяе.
Я ведаю людзей асабіста, якія паўсядзённа не вельмі актыўныя ў беларускай гаворцы, але з задавальненнем чытаюць Свяшчэннае пісанне, ну проста з задавальненнем!
Часам чалавек гаворыць на той мове, на якой гаворыць яго асяроддзе. А вось выбраць, на якой мове чытаць — у гэтым табе ніякі фактар не перашкодзіць.
У царкоўных школах ёсць магчымасць весці з дзеткамі заняткі па-беларуску, калі б такія прыходзілі, але іх, на жаль, няма.
«НН»: Мітрапаліт Павел часам прыводзіць прыклад, што, маўляў, недзе пачалі служыць па-беларуску, а вернікі абурыліся. Гэтаму можна верыць?
СГ: Сярод духавенства Кафедральнага сабора, дзе і я служу, была ініцыятыва, каб служыць па-беларуску. Мітрапаліт Павел дазволіў. Але знайшліся прыхаджане, якія сталі пратэставаць: сказалі, што ёсць царкоўнаславянская мова, на якой царква моліцца даўно, і мы, маўляў, хочам працягваць традыцыю.
Колькі іх было? А хто іх лічыў… Ніякай статыстыкі няма, больш крыклівая частка заявіла ад імя іншых проста ў царкве пасля службы. Гэта сказалі мітрапаліту, я пры гэтым прысутнічаў.
Ну што сказаць? Чалавек мае права маліцца на той мове, на якой гаворыць. У тым жа Петрапаўлаўскім саборы, які праз дарогу, пастаянна праводзяцца службы па-беларуску. Той, хто хоча маліцца па-нашаму, проста пераходзіць дарогу.