Перакладчыца Такарчук на беларускую мову: У 2010 яна імгненна адрэагавала на падзеі Плошчы
10.10.2019 / 15:30
Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала польская пісьменніца Вольга Такарчук. Беларускаму чытачу яна вядома дзякуючы Марыне Шода, якая пераклала кнігі «Правек і іншыя часы» і «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых». Марына Шода расказала «Нашай Ніве» пра лаўрэатку.
Вольга Такарчук — дачка ўкраінца і полькі.
«Такарчук варта чытаць таму, што яна падымае вельмі актуальныя праблемы для сучаснасці. Праблемы, якія важныя і для яе краіны, і для ўсяго свету. Яна закранае нервы нашага грамадства. Кожны яе твор напісаны ў рознай форме і жанры.
Я ўзялася за кнігу «Правек і іншыя часы» праз тое, што яна мне падалася ўвасабленнем гісторыі Польшчы і адначасова ўвасабленнем гісторыі аднаго чалавека. Праз прызму аднаго чалавека, аднаго роду, адной вёсачкі ёй атрымалася перадаць гісторыю ўсяго польскага народа і ўсёй Еўропы.
Такарчук вельмі не любіць, калі яе параўноўваюць з Маркесам і ягоным магічным рэалізмам, але яе можна назваць «польскім магічным рэалізмам», калі вакол рэальнай вёсачкі фармуецца такая міфалагічная прастора, упісаная ў рэальны гістарычны час.
Ствараецца такое перапляценне рэальнай гісторыі і нацыятворчага міфу. Гэта раман пра гісторыю Польшчы ад пачатку ХХ стагоддзя да яго сканчэння.
Калі Такарчук бярэцца за нейкае пытанне, то яна вельмі глыбока яго разбірае і чапляе болевыя кропкі. Яе кнігі заўсёды бударажаць, выклікаюць дыскусіі, і не толькі ў Польшчы, але і па ўсёй Еўропе.
Марына Шода. Фота budzma.org.
Вольга — такі чалавек, які цікавіцца, калі так можна сказаць, усім. У тым ліку і падзеямі ў Беларусі. Яна вельмі пераймалася падзеямі на Плошчы ў 2010 годзе. Мы атрымалі ад яе хутка вельмі цёплы ліст падтрымкі.
У апошнім сваім зборніку «Opowiadania bizarne» ёсць апавяданне «Зялёныя дзеці», яна прэзентавала яго мне яшчэ да публікацыі са словамі: «Табе будзе цікава, бо падзеі адбываюцца ў вас на Палессі». Я пераклала апавяданне, і яно ўжо год чакае друку ў часопісе «Дзеяслоў».
Яна вельмі простая ў кантакце, мілая жанчына, якая адгукаецца на ўсе прапановы. У Вольгі няма снабізму, хаця яна атрымала «Букера» і нарасхват у многіх краінах свету. Адгукаецца хутка на просьбы растлумачыць тэкст, гэта зручна для перакладчыкаў мець зваротную сувязь з аўтарам. Вольга — абсалютна цудоўны чалавек, я амаль не сустракала такіх шчырых і адкрытых людзей.
Такарчук жыве ва Уроцлаве. У яе ёсць невялікі вясковы дом у Новай Рудзе пад Уроцлавам, яна яго купіла, каб быць бліжэй да сваіх любімых мясцінаў — гор.
Колькі гадоў таму зноў перасялілася ва Уроцлаў, а ў Новай Рудзе ладзіць штогадовы фестываль «Горы літаратуры», і цэлы тыдзень мястэчка проста віруе».