Алег Латышонак: ВКЛ было рабаўладальніцкай дзяржавай, а Гедымін — акупантам ВІДЭА
абмяркоўвайце!
14.10.2019 / 18:06
Такую думку выказаў прафесар з Беластока, актывіст беларускай грамады ў Польшчы Алег Латышонак у праграме «Ідэя Х» на «Еўрарадыё».
Вядоўца праграмы Зміцер Лукашук падзяліўся меркаваннем, што, маўляў, беларусам, каб адчуць сябе беларусамі, трэба, каб было чым ганарыцца, трэба мець вялікую гісторыю беларускага народа, а цяпер мы не маем такой гістарычный спадчыны, з якой мы можам сказаць: дык мы тут, ва Усходняй Еўропе, ледзь не найлепшыя! Далей ён пытаецца ў гісторыка: можа быць, нам не хапае такіх гістарычных міфаў, міфалогіі і трэба яе стварыць?
— Ведаю, што шмат людзей так думае і шмат каму гэта патрэбна — для мяне гэта дзіцячыя [разважанні]. Мне ўжо гэта не трэба, можа, калі маладым быў, патрабаваў герояў. Але цяпер я беларус не таму, што мае продкі мелі нейкія вялікія дасягненні, а таму, што мой дзед быў беларусам, мой бацька быў беларусам, маці — беларуска, то і я беларус.
Я не лічу нашымі трыумфамі трыумфы Вялікага Княства Літоўскага: гэта была рабаўладальніцкая дзяржава, якая дрэнна скончыла. І спасылацца на яе не мае ніякага сэнсу. Мы маем гісторыю поспеху беларускай нацыі, якая пачынаецца ідэйна з другой паловы ХІХ стагоддзя, а фактычна — з пачатку ХХ-га. І за адно стагоддзе мы, сяляне, збудавалі нацыю, дзяржаву з нічога, проста як барон Мюнхгаўзен, выцягнулі сябе з балота за валасы.
Калі паглядзець, што ўсё гэта адбылося пры жыцці маёй бабулі, якая нарадзілася пры цары, хадзіла яшчэ ў царскую школу, а памірала, калі Аляксандр Лукашэнка ўжо другі тэрмін быў прэзідэнтам Беларусі, — то гэта поспех. І гэтым трэба ганарыцца, а не перамогай наёмнікаў у бітве пад Оршай.
Далей, аргументуючы адказ на пытанне, як беларусам утрымаць незалежнасць, Алег Латышонак абураецца, што ў Беларусі ставяць помнікі ўсім, акрамя саміх беларусаў: «Яшчэ не паставілі помніка ніводнаму нашаму вялікаму правадыру, ніякім дзеячам».
«Ну чаму? Сапегу адкрылі ў Слоніме, Гедыміну…» — узгадвае журналіст.
«Дык кажу: не беларусы яны былі. Гедыміны і Міндоўгі — проста акупанты ў маім разуменні», — заяўляе Алег Латышонак.
А хто тады «сапраўдныя беларусы», каму варта паставіць помнік? «Івану Луцкевічу, Антону Луцкевічу, Язэпу Варонку — яны нас стварылі. Купала з Коласам маюць помнікі. А калі ідзе гаворка пра дзяржаўных дзеячаў, то ім і трэба ставіць помнікі — тым, хто стварыў нацыянальныя рухі, беларускую дзяржаву. Дзеячам БНР выключна, нікому больш не варта ставіць помнік», — лічыць гісторык з Беластока Алег Латышонак.