Праўнучка Хрушчова ў Мінску: пра Пуціна, Сталіна і цукеркі з Трампам
17.10.2019 / 07:46
Чарговы «Інтэлектуальны клюб Сьвятланы Алексіевіч» прымаў у госьці праўнучку першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова Ніну Хрушчову. Хрушчова ўжо 17 год жыве ў ЗША і выкладае паліталёгію — а дакладней, займаецца фэномэнам дыктатуры і прапаганды — на факультэце міжнародных стасункаў ва Ўніверсытэце новай школы ў Нью-Ёрку.
Свабода сабрала найцікавейшыя цытаты з сустрэчы.
- У Амэрыцы жыць цяпер — гэта не вялікая прыемнасьць, таму што ты скажаш: «Прывітаньне, я расеец», і гэта ўжо злачынства.
- «Оттепель» — гэта назва вельмі літаратурная. Літаратура, прынамсі расейская літаратура да сучаснага пэрыяду, ня ведае добрых канцоў. Што дае нам магчымасьць падумаць, што і ва ўлады няма добрых канцоў.
- Калі твайго дзядулю (у фільме «Сьмерць Сталіна». — РС) паказваюць бязграматным і поўным ідыётам — гэта вельмі сумна, таму што бабуля Ніна ніколі не чытала яму ў ложку запіскі, ён сам умеў цудоўна чытаць.
- Любая ўлада стварае сабе міталёгію, яна ўся пабудаваная на казцы — у Амэрыцы, у Расеі і г. д. Калі паглядзець на міталёгіі ўсіх астатніх савецкіх кіраўнікоў, яны альбо пашыралі прастору, альбо хаця б глядзелі ў нейкую будучыню. Калі памятаеце, Хрушчоў абяцаў нам камунізм у 1980-я гады. Міталёгія Пуціна глядзіць толькі назад і толькі ў сябе.
- (Людзі думаюць, што ў часы Сталіна. — РС) быў парадак і жыцьцё было арганізаванае, і на нас глядзелі з павагай. Рэальнасьць тэрору сышла, а міталёгія парадку засталася.
- Калі ў Менску я была мінулым разам, я зайшла ў кнігарню «Сьветач», пайшла ў літаратуру пра Менск, мне вельмі цікавая архітэктура Менску, і першая кніга, якую я пабачыла, была «Менск — горад Сталіна».
- Што мне цікава ў маладым пакаленьні, гэта тое, як у іх адначасова жыве і пакланеньне Сталіну, і памкненьне да айфона, жаданьне атрымаць дэпутата ў Маскоўскую Думу, які не фармальны. І якая рэальнасьць з гэтай фрагмэнтаванай сьвядомасьці выйдзе наперад — мы яшчэ ня ведаем. Вельмі шмат залежыць ад таго, што будзе пасьля Пуціна і што будзе ў Амэрыцы пасьля Трампа.
- Трамп у пэўнай ступені мэтадыктатар, у тым сэнсе, што ён вам кажа, як усё будзе. Але, у адрозьненьне ад Сталіна і дыктатурных формаў, якія маюць рэальнасьць пад сабой, ён кажа гэта ў дыгітальнай форме. Яна абсалютна ніякага дачыненьня да рэальнасьці ня мае.
- Калі ў 94-м годзе я пайшла ў краму, я пабачыла налепку «Хрушчову тут ня рады». Аказалася, што налепку зрабілі ў 50-м годзе. Я спытала, ці могуць яны мне яе прадаць. Яны сказалі: «Гэта толькі для жарту, хіба што Хрушчоў да нас прыйдзе!»
- У Амэрыцы таксама ёсьць цукеркі з Трампам. Але розьніца ў тым, што калі я пайду ў нармальную краму, у якой я, напрыклад, набыла вось гэтыя цукеркі з Пуціным і з «Бацькам народаў Сталіным», я іх наўрад ці знайду. Я знайду іх у краме для вечарынак. Такі кітч ёсьць паўсюль. Але паколькі ў Расеі ўсё вызначаецца палітыкай, то нават непалітычныя рэчы робяцца палітыкай. У Амэрыцы гэта ня так.
- Праз тое, што мы жывём у лічбавым сьвеце, існуе вельмі шмат паралельных рэчаіснасьцяў: з аднаго боку, ёсьць Гілары Клінтан, якая чытае вам лекцыю, а з другога боку — Дональд Трамп, які вам абяцае, што калі вы надзенеце гэтую чырвоную шапку, у вас зноўку будзе вялікая Амэрыка. Шматгранная рэчаіснасьць, у якой мы цяпер жывём, прадугледжвае, што нацыяналізм, магчыма, згіне. Але трайбалізм нікуды ня сыдзе. Дэспатызм нікуды ня сыдзе.
- Адзінае, што мы зараз можам зрабіць, гэта зразумець, чаму і як, а не аплакваць канец чалавецтва — яно ўсё роўна ніколі ня скончыцца.