Лукашэнка сказаў, хто для яго галоўны апазіцыянер
«Акадэмію кіравання ён пакуль не ўспрымае. Ён у мяне галоўны апазіцыянер ў сям'і», — прыводзіць TUT.BY словы Аляксандр Лукашэнка пра планы на будучыню яго малодшага сына Мікалая.
20.10.2019 / 10:47
Аляксандр Лукашэнка з сынамі на Плошчы Перамогі ў Мінску 9 мая 2019 года. Фота Надзеі Бужан.
Запіс выступу падчас наведвання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце апублікаваны на YouTube-канале «АТН: навіны Беларусі і свету».
Адна са студэнтак спытала кіраўніка дзяржавы, што ён параіць Мікалаю, калі той спытае, куды яму пайсці вучыцца — можа, у Акадэмію кіравання?
— Акадэмію кіравання ён пакуль не ўспрымае. Ён у мяне галоўны апазіцыянер ў сям'і, — усміхнуўся Лукашэнка. — Але можа і прыйдзе вучыцца [ў Акадэмію кіравання], калі паступіць. Я кажу: цябе ж, можа, не возьмуць нават!
Але, паводле слоў Лукашэнкі, тэму «кім быць і як быць» ў сям'і ўжо, вядома, падымалі.
— Я спрабую растлумачыць, зыходзячы з яго характару… А ў яго характар болей, чым у яго бацькі, лідарскі: калі яму нешта трэба, пакуль ён сам лоб ня разаб'е, будзе ісці да канца, спрачацца… Што ты можаш быць добрым доктарам, настаўнікам, але павінен разумець: працуючы ў калектыве, па меншай меры, на першую пару пад нечым пачаткам табе прыйдзецца камусьці падпарадкоўвацца. Маўчыць. А я яму: а каб падпарадкоўвацца, ты нават прэзідэнту не вельмі…
На гэта, паводле слоў Лукашэнкі, Мікалай яму адказвае, што «ты ж мне не прэзідэнт, а тата».
— Я не навязваю яму нейкую прафесію. Так і са старэйшымі было. Галоўнае, каб яны былі людзьмі. Пра іх можна многае сказаць, не ведаючы. А хто ведае — ніколі не скажа, што яны — дзеці прэзідэнта. Малодшы [Мікалай] таксама: ідзе дзяўчынкам дапамагчы, на сябе нешта нагрузіць і цягне. Гэта галоўнае для дзяцей высокапастаўленых людзей — каб яны людзьмі выраслі.
Мікалаю Лукашэнку 31 жніўня споўнілася 15 гадоў. Ён вучыцца ў 9 класе Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы.